Фото: lookby.media
1 красавіка Святлана Ціханоўская ўручыла медаль Аб’яднанага пераходнага кабінета “За плённую працу на карысць Беларусі» нямецкаму журналісту, пісьменніку і даследчыку Беларусі Інга Пэтцу. Ён узнагароджаны за значны ўклад у прасоўванне беларускай культуры, падтрымку незалежнай журналістыкі і ўзмацненне міжнароднай увагі да Беларусі, паведамляе Офіс Ціханоўскай.
Інга Пэтц — нямецкі журналіст і пісьменнік, партнёр БАЖ. Ён спецыялізуецца на беларускай культуры і музыцы, а таксама з’яўляецца кіраўніком рэдакцыі па Беларусі анлайн-партала dekoder.org. Дзякуючы яго працы беларускія культурныя і інтэлектуальныя праекты сталі значна больш вядомыя ў Германіі.
У 2006 годзе Пэтц выпусціў CD «The Red Book of Belarusian Music», а таксама арганізоўваў беларускія канцэрты і культурныя мерапрыемствы ў Берліне, спрыяючы папулярызацыі беларускай музыкі за мяжой.
У 2025 годзе ў выдавецтве edition.fotoTAPETA выйшла яго кніга «Rasender Stillstand: Belarus – eine Revolution und die Folgen», у якой аўтар аналізуе падзеі 2020 года ў Беларусі і разглядае іх у шырокім еўрапейскім кантэксце.
З 2021 года Інга Пэтц ініцыяваў шэраг адукацыйных праграм, накіраваных на павышэнне якасці і прафесійных стандартаў беларускай журналістыкі ў эміграцыі.