Парламент Малдовы дэнансаваў пагадненне аб стварэнні СНД

Парламент Малдовы прыняў законапраект аб дэнансацыі Пагаднення аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў, пратакола да яго і Статута СНД. Дадзенае рашэнне з’яўляецца часткай працэдуры па выхадзе Малдовы з устаўных органаў СНД.

“Дэнансацыя гэтых пагадненняў была ініцыявана Міністэрствам замежных спраў, якое сцвярджае, што ў іх не выконваюцца асноватворныя каштоўнасці і прынцыпы СНД, у прыватнасці, палажэнне, згодна з якім дзяржавы-члены ўзаемна прызнаюць і паважаюць тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць існуючых межаў. Гэты прынцып, які ляжаў у аснове стварэння СНД, парушаецца Расійскай Федэрацыяй, якая вядзе вайну супраць Украіны, здзяйсняе акты агрэсіі супраць Грузіі і незаконна ўтрымлівае войскі на тэрыторыі Рэспублікі Малдова”, – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы малдоўскага парламента.

Таксама там адзначылі, што дэнансацыя пагаднення патрабуецца для ўступлення ў Еўрасаюз.

Як паведамілі ў прэс-службе, у выніку дэнансацыі пагадненняў дзяржаўны бюджэт Малдовы штогод будзе эканоміць каля 3,1 мільёна леяў, якія раней накіроўваліся ў бюджэт СНД. Пры гэтым краіна захоўвае адносіны з іншымі дзяржавамі СНД у рамках двухбаковых і шматбаковых пагадненняў. Малдова таксама застаецца ўдзельніцай шэрагу дамоваў, заключаных у рамках СНД, якія датычацца гандлёва-эканамічнай і сацыяльнай сфер. Раней Малдова ўжо дэнансавала каля 70 дакументаў, прынятых у рамках СНД.

Пагадненне аб стварэнні СНД і пратакол да яго былі падпісаны ў снежні 1991 года 11 былымі савецкімі рэспублікамі, уключаючы Малдову, і зафіксавалі спыненне існавання СССР. Статут СНД, падпісаны ў 1993 годзе, вызначае асноўныя прынцыпы функцыянавання арганізацыі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!