Скриншот видео t.me/tsikhanouskaya
Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская павіншавала старшыню Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонку Сурвілу з 90-годдзем. Яны паразмаўлялі па відэасувязі, паведамляе Офіс лідара дэмсіл.
Ціханоўская падзякавала Сурвіле за шматгадовую працу на карысць Беларусі і беларусаў, адзначыла гістарычную ролю Рады БНР, а таксама павіншавала з выхадам кнігі ўспамінаў «У восем гадоў я была на вайне». У размове яны абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і ў свеце, а таксама неабходнасць утрымліваць беларускую тэму ў міжнароднай павестцы дня.
«Усё сваё жыццё вы прысвяцілі Беларусі. Дзе б вы ні былі, якія б ролі ні займалі — вы заўсёды працавалі на карысць нашай любімай Радзімы. Вы падымалі беларускае пытанне ў высокіх кабінетах, дапамагалі беларусам у выгнанні, ратавалі дзетак пасля Чарнобыльскай трагедыі. Вы аб’ядноўваеце ўсіх беларусаў — тых, хто апынуўся ў эміграцыі, і тых, хто заставаўся дома», — адзначыла Ціханоўская.
«Але больш за ўсё мяне захапляе ваша чалавечнасць, ваша цеплыня і эмпатычнасць. Я з задавальненнем успамінаю кожную нашу сустрэчу і размову. З вамі лёгка і спакойна, нібы размаўляеш з блізкім чалавекам, які разумее без лішніх слоў. І вашы парады мне вельмі дапамаглі ў самым пачатку майго палітычнага шляху, і я часта звяртаюся да іх зноў. Дзякуй вам за тое, што робіце, дзякуй за вашу сілу духу і за любоў да Беларусі, якую вы нясеце праз усё жыццё», – дадала палітык.
Івонка Сурвіла нарадзілася 11 красавіка 1936 года ў Стоўбцах. У 1944 годзе разам з сям’ёй эмігравала. Вучылася ў Вышэйшай школе выяўленчых мастацтваў у Парыжы, скончыла лінгвістычнае аддзяленне Сарбоны. Жыла ў Францыі, Даніі, Іспаніі, цяпер жыве ў Канадзе.
Шмат гадоў займаецца грамадскай дзейнасцю: узначальвала Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, кіравала Каардынацыйным камітэтам беларусаў у Канадзе. Разам з прадстаўнікамі дыяспары заснавала фонд дапамогі ахвярам Чарнобыльскай аварыі, які арганізаваў перадачу ў Беларусь трох самалётаў з лекамі і медабсталяваннем і прыняў тысячы беларускіх дзяцей з пацярпелых раёнаў на лячэнне і аздараўленне ў Канадзе.
Ужо чвэрць стагоддзя Сурвіла ўзначальвае Раду БНР, стаўшы яе сёмым кіраўніком. За ўнёсак у дэмакратызацыю Беларусі яна была ўдастоена канадскага юбілейнага медаля каралевы Елізаветы II.