Сужэнцы-бізнесмены здалі следчым дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства, якому плацілі адкаты. Пра крымінальную справу распавялі ў Следчым камітэце.
Паводле версіі следства, сужэнцы — дырэктар і бухгалтар прыватнай фірмы — мелі пустое памяшканне. Яны хацелі здаць яго ў арэнду. У выніку арандатарам стала дзяржаўнае прадпрыемства. Яго дырэктар браў адкаты з кожнага плацяжу.
«Пасля атрымання арэнднага плацяжу бухгалтар аплачвала камунальныя паслугі па аб’екце. Затым з астатняй сумы ўтрымлівала загадзя ўзгодненыя 210 долараў ЗША, а астатнюю суму вяртала ў якасці хабару дырэктару дзяржаўнага прадпрыемства праз яго сваякоў», — гаворыцца ў паведамленні СК.
У ліпені гэтага года сужэнцы «добраахвотна з’явіліся ў праваахоўныя органы і падрабязна выклалі ўсю схему злачынных дзеянняў». Што пабудзіла іх зрабіць такі крок, не ўдакладняецца.
Паводле версіі следства, дырэктар атрымліваў хабары на працягу сямі гадоў, а іх агульны памер перавысіў 200 тыс. рублёў.
«Былы кіраўнік дзяржаўнага прадпрыемства віну ў злачынстве не прызнаў і адмовіўся ад дачы паказанняў. Па выніках расследавання яму прад’яўлена абвінавачанне па ч. 3 арт. 430 (“Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры”) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. З санкцыі пракурора да яго ўжыта мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту», — распавялі ў СК.
Сужэнцы-арэндадаўцы вызваленыя ад крымінальнай адказнасці, паколькі добраахвотна заявілі пра дачу хабару.