Лукашэнка паабяцаў будаваць дарогі і масты на Палессі

На беларускім Палессі плануюць засяродзіцца на будаўніцтве дарог і мастоў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 жніўня на цырымоніі адкрыцця фестывалю «Зов Полесья», перадае яго прэс-служба.

«Мы будзем будаваць галоўнае для вас — дарогі і масты. Без іх нічога не можа быць», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, у рэгіёне рэалізуюцца праграмы развіцця, на якія з дзяржаўнага бюджэту накіроўваюцца значныя сродкі.

«Ад вас толькі адно трэба — дысцыпліна, парадак і праца, — заявіў Лукашэнка. — Галоўнае — мы будуем наш палескі рэгіён з розумам. Не парушаючы сакральнай прыроднай гармоніі, не парушаючы прыгажосці гэтых мясцін».

Ён таксама назваў Палессе гістарычнай радзімай славян і заявіў пра правядзенне фестывалю як нагоду сабраць разам беларусаў, украінцаў і рускіх.

«Паводле сцвярджэння гісторыкаў, гэта сапраўды ідзе ад жыцця: Палессе — прарадзіма славян. Адсюль нашы вытокі. Тут, на гэтых стромкіх берагах паўнаводнай Прыпяці, сярод бяскрайніх дуброў і балот, прыроднай прыгажосці — нашы карані, нашага вялікага народа. Таму, прымаючы рашэнне аб правядзенні фестывалю ў 2010 годзе, мы меркавалі, што ён стане яшчэ адной нагодай сабрацца разам тром братнім народам — беларусам, рускім і ўкраінцам», — сказаў беларускі кіраўнік.

«І, вядома, мы рады бачыць тут, на агульнай гістарычнай радзіме, усіх славян. Усіх без выключэння. І не толькі іх. Мы рады, што да нас прыязджае шмат людзей», — дадаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!