Трохмесячнае немаўля загінула пры абстрэле шматпавярховіка ва ўкраінскім Марганцы

У горадзе Марганец Днепрапятроўскай вобласці Украіны ў выніку начной атакі расійскіх беспілотнікаў загінуў трохмесячны хлопчык. Яшчэ 11 чалавек атрымалі раненні, сямёра з іх знаходзяцца ў цяжкім стане. Пра гэта паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Ганжа.

Сярод пацярпелых — 5-гадовы хлопчык і 12-гадовая дзяўчынка. Таксама шпіталізаваныя 39-гадовы мужчына і жанчыны ва ўзросце 33, 62, 40 і 41 года. Яшчэ 4 чалавекі будуць праходзіць лячэнне амбулаторна. У горадзе пашкоджаны шматкватэрныя дамы, крама, кінатэатр і аўтамабілі.

Фота: t.me/dnipropetrovskaODA

Усяго за ноч расійскія войскі больш за 20 разоў атакавалі тры раёны Днепрапятроўскай вобласці беспілотнікамі, артылерыяй і авіяцыйнай бомбай. Пад ударам таксама апынуліся Нікапаль і Пакроўская грамада. У Сінельнікаўскім раёне былі атакаваныя Мікалаеўская, Пакроўская і Васількоўская грамады, дзе пашкоджаныя сельскагаспадарчае прадпрыемства і дом культуры. У Самараўскім раёне ў выніку ўдару па Пяшчанскай грамадзе пашкоджаны прыватны дом.

Паводле даных Паветраных сіл УСУ, у ноч на 15 жніўня Расія запусціла па Украіне 152 ударныя беспілотнікі тыпу «Шахед» і 3 баражыруючыя боепрыпасы «Бандэроль».

Па стане на 9:00 украінская супрацьпаветраная абарона збіла або падавіла 124 беспілотнікі і 3 «Бандэролі». Былі зафіксаваныя трапленні сродкаў паветранага нападу ў 16 лакацыях і падзенне абломкаў збітых цэляў у адной лакацыі. Атака працягвалася раніцай 15 жніўня.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!