Супрацоўніка аналітычнага ўпраўлення Генштаба абвінавачваюць у супрацоўніцтве з украінскай выведкай — «Наша Ніва»

Маёр аналітычнага ўпраўлення Генштаба Мінабароны Валерый Васілец трапіў у СІЗА КДБ па артыкуле аб дзяржаўнай здрадзе (ч. 2 арт. 356 КК) за супрацоўніцтва з украінскай выведкай. Пра гэта «Нашай Ніве» распавёў былы зняволены, які перасякаўся з Васільцом у СІЗА ў 2024 годзе.

Паводле інфармацыі BELPOL, Васілец нарадзіўся ў Мар’інай Горцы ў 1992 годзе ў сям’і ветэрана 5-й асобнай брыгады, старшага прапаршчыка Віталя Васільца. Вучыўся ў мясцовай школе №5 і стаў афіцэрам спецназа ў Мар’інай Горцы.

У СІЗА КДБ ён трапіў у пачатку 2024 года «збітым і запалоханым». Ён распавядаў сукамернікам, што пачаў служыць у часці, дзе служыў яго бацька, але ў 2018 годзе няўдала скочыў з парашутам і атрымаў траўму. Яму знайшлі працу аналітыкам у Генштабе. Васілец распавядаў, што менавіта ён маляваў карту, на якой Аляксандр Лукашэнка паказваў, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад».

«Тлумачыў, што іх упраўленне рэгулярна складае і абнаўляе такія карты, якія адлюстроўваюць, як і з якіх напрамкаў іншыя дзяржавы маглі б пачаць баявыя дзеянні і як павінны былі б выглядаць дзеянні ў адказ. І таму тое, што карту вось такім прапагандысцкім чынам выкарысталі, яму дзіўна. Але ён адзін з тых, хто над ёй працаваў. Не тое, што ён гэтым моцна ганарыўся, але проста любіў паўтараць як жарт і мем», — распавёў суразмоўца выданню.

Паводле слоў экс-зняволенага, Васілец падтрымліваў Расію і лічыў, што яна перамагае ў вайне. Валерый захапляўся стаўкамі ў казіно і анлайн-казіно. Ён лічыў, што ўкраінцы выйшлі на яго, бо серверы анлайн-казіно маглі быць ва Украіне.

Васілец распавядаў сукамернікам, што яму прапанавалі прадастаўляць інфармацыю за ўзнагароджанне, і ён адразу ж далажыў пра спробу вярбоўкі свайму кіраўніцтву.

«Кіраўніцтва загадала яму згаджацца на сувязь. Пачалася аператыўная гульня: ён перадаваў украінцам дэзінфармацыю, а нейкую частку грошай яму дазвалялі пакідаць сабе. Але гэта былі не тыя сумы, на якія ён разлічваў. Да таго ж, украінцы таксама, відаць, разумелі, што ім перадаюць дэзінфармацыю.

Яны прасілі дадаваць туды яшчэ і праўды ўзамен на павелічэнне ганарараў. І ў нейкі момант Валера вырашыў зліваць не толькі тую інфармацыю, якую дазвалялі зліваць, але і тую, якую не дазвалялі. Зарабіў трохі, кватэру на сваячку купіў. Але дзесьці пралічыўся. Як яго вылічылі, ён не распавядаў, можа, сам не разумеў», — распавёў выданню былы зняволены.

Паводле слоў суразмоўцы, аператыўная гульня працягнулася і пасля таго, як Васілец трапіў у СІЗА. Чалавек, падобны да яго па целаскладзе, хадзіў «на працу» ў Генштаб, каб яго зафіксавалі камеры. Затым Валерыя павезлі на Палессе, дзе ён павінен быў сказаць украінскаму боку, што знаходзіцца пад падазрэннем і хоча эвакуявацца.

«Ну і вось з таго, што я зразумеў, нейкіх эвакуатараў, якія пайшлі яго забіраць, таксама арыштавалі. Але іх імёны і падрабязнасці мне невядомыя», — распавёў суразмоўца.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!