Стратэгічны бамбардзіроўшчык B-52 разбіўся ў ЗША

У ЗША пацярпеў катастрофу стратэгічны бамбардзіроўшчык B-52. Як паведамілі на авіябазе «Эдвардс», самалёт з васьмю членамі экіпажа ўпаў неўзабаве пасля ўзлёту. Ён выконваў выпрабавальны палёт.

Усе члены экіпажа загінулі. Сярод іх былі як ваенныя лётчыкі, так і грамадзянскія служачыя, а таксама прадстаўнікі падрадчыкаў. Boeing паведаміў, што сярод загінулых былі двое супрацоўнікаў авіябудаўнічай кампаніі.

Прычыны катастрофы пакуль невядомыя, вядзецца расследаванне.

Узлётна-пасадачная паласа базы атрымала пашкоджанні, і пакуль аперацыі на ёй прыпыненыя.

Самалёты B-52 знаходзяцца на ўзбраенні амерыканскіх ВПС з 1955 года. Яны выпускаліся ў 1955–1962 гадах. З таго часу бамбардзіроўшчыкі неаднаразова мадэрнізаваліся. Яны здольныя несці ў тым ліку ядзерную зброю.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!