Польшча, Літва і Францыя пачынаюць вучэнні ў Сувалкскім калідоры

Польшча, Літва і Францыя сёння пачынаюць вучэнні ў Сувалкскім калідоры. Яны працягнуцца да 26 чэрвеня.

“Галоўная мэта міжнародных вучэнняў «Адважны кабан 2026» — правядзенне сумесных ваенных аперацый і сінхранізацыя дзеянняў саюзных сіл. Падчас вучэнняў вялікая ўвага будзе нададзена павышэнню баявой гатоўнасці краін. Таксама будуць удасканальвацца навыкі, неабходныя для забеспячэння хуткай і эфектыўнай абароны гэтага геаграфічна важнага ўчастка”, — расказалі ва Узброеных сілах Літвы.

Літва накіравала на вучэнні вайскоўцаў драгунскага батальёна пяхотнай брыгады «Жамайція». З польскага боку будуць удзельнічаць 6,5 тыс. вайскоўцаў. Асноўны кантынгент складае 16-я механізаваная дывізія.

Манёўры пройдуць у вучэбным цэнтры ў Ажышы, а таксама на ўчастках мясцовасці.

Падчас манёўраў таксама будзе адпрацоўвацца падтрымка з боку ВПС. Асаблівая ўвага будзе нададзена прымяненню беспілотнікаў і супрацьдзеянню ім, вядзенню агню на вялікіх дыстанцыях. Польскі бок таксама праверыць падчас манёўраў танкі K2 і баявыя машыны пяхоты «Барсук».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!