Пасля выдалення асноўнага ютуб-канала дзяржаўнага беларускага тэлеканала СТБ (@ctvby) з 2,4 млн падпісчыкаў нечакана ажыў запасны ютуб-канал “CTV Plus” (@ctvplus). Там ужо апублікавана больш за 100 відэа і падпісалася 2,6 тысячы чалавек. У асноўным гэта архіўныя навінавыя выпускі і праграмы. Прыкметна, “аўтарскай” перадачы Рамана Пратасевіча «Без прыкрыцця» на канале няма.
Новы канал быў створаны 6 лютага 2026 года. Відавочна, гэта не рэакцыя на ўчарашнюю блакіроўку асноўнага канала. Можна таксама меркаваць, што прадстаўнікі СТБ ведалі пра магчымае выдаленне з-за страйкаў і падстрахаваліся.
Адміністрацыя YouTube можа выдаліць канал у выпадку неаднаразовага парушэння правілаў. У большасці выпадкаў трэба не менш за тры разы атрымаць страйк на працягу 90 дзён. У нядаўняй перадачы Пратасевіча, прысвечанай Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру і яго заснавальніку Станіславу Івашкевічу, аўтары апублікавалі персанальныя даныя, адрас, а таксама заклікалі да фізічнай расправы. Аднаго гэтага дастаткова, каб быць выдаленым з платформы. Івашкевіч якраз і звярнуўся са скаргай да адміністрацыі YouTube.
У выніку былі выдалены каналы СТБ, АНТ і БелТА. Пры гэтым каналы Белтэлерадыёкампаніі, якая знаходзіцца пад санкцыямі, працягваюць працаваць.
Міністэрства інфармацыі Беларусі заявіла, што пакідае за сабой права прыняць адказныя меры. Белтэлерадыёкампанія папярэдзіла, што YouTube можа быць прызнаны экстрэмісцкім і цалкам заблакаваны ў Беларусі.
Учора таксама стала вядома, што КДБ прызнаў БРЦ «экстрэмісцкім фарміраваннем».
