Лукашэнка хоча ад новага віцэ-прэм’ера падваення вынікаў АПК
Рэдакцыя Reform.news · 23 лістапада 2026, 13:40
https://reform.news/be/lukashjenka-hocha-ad-novaga-vicje-prjem-era-padvaennja-vynika-apk/Аляксандр Лукашэнка хоча, каб новы віцэ-прэм’ер Аляксандр Ломскі падвоіў вынікі ў сельскай гаспадарцы.
“Нам трэба дадаць у сельскай гаспадарцы, каб падвоіць вынікі. Назіраючы, можа, у нейкай ступені збоку, а часам знаходзячыся ў гэтым “млыне”, вы бачылі і мае патрабаванні, бачылі недахопы ў сельскагаспадарчай сферы, ведаеце, што там трэба рабіць. Гэта вельмі важна”, – сказаў ён, даючы наказы прызначэнцу.
Ён таксама падкрэсліў, што задачай віцэ-прэм’ера з’яўляецца забеспячэнне продажаў беларускай прадукцыі.
“Галоўны ваш кірунак ва ўрадзе – продажы. Як я заўсёды кажу, у нас віцэ-прэм’еры перш за ўсё займаюцца гэтым. Асабліва для вёскі гэта важна. Усё, што мы вырабім у краіне, пройдзе праз вашы рукі, праз арганізацыю справы, дзе галоўным будзеце вы. Таму вельмі важна нам гэты кірунак не проста трымаць у полі зроку, але і каб там быў вынік”, – сказаў ён.
Лукашэнка таксама адзначыў, што папярэднік Ломскага на пасадзе віцэ-прэм’ера Юрый Шулейка не змог вырашыць праблемы са збытам сметанковага масла.
“Я спецыяльна падтрымліваў гэтую тэму. Мы не маглі разабрацца з гэтым сметанковым маслам. Ні віцэ-прэм’ер, ні Міністэрства сельскай гаспадаркі. Дзякуй богу, цяпер у нас быццам бы тут усё нармальна з продажамі і мы маем добры вынік ад сельскай гаспадаркі”, – сказаў ён.
