Стала вядомая праграма форуму імя Скірмунта ў Варшаве: эксперты абмяркуюць сцэнары пасля вайны і анатомію расійскай экспансіі

Арганізатары апублікавалі падрабязны расклад 4-га Беларуска-польскага экспертнага форуму імя Р. Скірмунта, які пройдзе ў Варшаве 18 чэрвеня. Сёлета ў цэнтры ўвагі топавых аналітыкаў апынуцца геапалітычныя прагнозы для Беларусі, маштабы расійскага ўплыву, а таксама эксклюзіўныя даныя пра тое, як палякі насамрэч ставяцца да беларускіх мігрантаў у 2026 годзе.

Форум, які ладзяць Інстытут «Палітычная сфера» і Цэнтр даследаванняў Усходу імя Марка Карпя, разгорнецца на пляцоўцы Бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэта.

Праграма сустрэчы падзелена на чатыры ключавыя блокі:

Трэк 1. Анатомія экспансіі: як Расія паглынае Беларусь (13:00)

Дыскусія адкрыецца прэзентацыяй вынікаў маніторынгу «”Русский мир” як інфраструктура гібрыднага ўплыву ў Беларусі» за апошнія паўгода (снежань 2025 – травень 2026). Даследчыкі раскладуць па палічках, як Крэмль узмацняе ідэалагічны кантроль праз менш відавочныя сферы: адукацыю, рэлігію, працу з моладдзю і перазапіс гістарычнай памяці.

Эксперты: Дзмітрый Кухлей (IDSMBEE), Павел Церашковіч (Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі), Марыюш Машкевіч (Універсітэт кардынала Стэфана Вышыньскага).

Трэк 2. Геапалітычны прагноз: Беларусь пасля міру ва Украіне (14:00)

Адна з самых чаканых панэляў будзе прысвечана сцэнарам завяршэння вайны ва Украіне. Аналітыкі прэзентуюць даклад (падрыхтаваны пры падтрымцы Фонду Конрада Адэнаўэра), у якім змадэляваны тры варыянты развіцця падзей. Кожны з іх здольны кардынальна змяніць прастору для манеўру як для афіцыйнага Мінска, так і для дэмакратычных сіл.

Эксперты: Арцём Шрайбман (Sense Analytics), Леў Львоўскі (BEROC) і Ян Аўсеюшкін (iSANS). Мадэратар: Каміль Клысінскі (OSW).

Трэк 3. Люстэрка суседзяў: як палякі ўспрымаюць беларусаў у 2026 годзе (15:30)

Сацыёлагі агучаць вынікі маштабнага апытання грамадскай думкі ў Польшчы, праведзенага літаральна ў маі гэтага года супольна з SW Research. Гэта свежы зрэз таго, што палякі думаюць пра беларускіх рэлакантаў у пытаннях міграцыі, сумеснай эканомікі, культуры і гісторыі пасля ўсіх крызісаў на мяжы.

Эксперты: Андрэй Казакевіч  (Інстытут “Палітычная сфера“), Сяргей Любімаў (ЕГУ), Марыюш Кавальскі (Варшаўскі ўніверсітэт). Мадэратар: Андрэй Ягораў (Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі) .

Трэк 4. Антрапалогія менталітэту: адкуль узяўся «калгасны чалавек»? (17:00)

Фіналам форуму стане гуманітарны эксклюзіў — прэзентацыя беларускага перакладу кнігі польскай даследчыцы Ганны Энгелькінг «Калгаснікі. Антрапалагічнае даследаванне ідэнтычнасці жыхароў беларускай вёскі на мяжы XX і XXI стагоддзяў». Кніга грунтуецца на шматгадовых палявых даследаваннях і тлумачыць, як савецкі досвед калектывізацыі і працы на зямлі сфармаваў ідэнтычнасць, якая дагэтуль уплывае на працэсы ў краіне.

Эксперты: Ганна Энгелькінг (Інстытут славістыкі ПАН), Катажына Вашчыньска (Варшаўскі ўніверсітэт) і Аляксандр Смалянчук (Інстытут славістыкі ПАН). Мадэратар: Аляксей Ластоўскі (Беларускі інстытут публічнай гісторыі).

Час і месца: 18 чэрвеня, Бібліятэка Варшаўскага ўніверсітэта (sala nr 254, ul. Dobra 56/66).

Уваход – бясплатны, але па папярэдняй рэгістрацыі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!