Больш за 2,5 тысячы беларусаў атрымалі нямецкае грамадзянства ў 2025 годзе

У 2025 годзе нямецкае грамадзянства атрымалі 2594 грамадзяніны Беларусі, сярод якіх 711 мужчын і 1883 жанчыны. Такімі данымі падзялілася Федэральнае статыстычнае ведамства Германіі.

У мінулым годзе было пададзена 2957 заяў на натуралізацыю, з іх 890 ад мужчын і 2066 ад жанчын. З разгледжаных 2704 спраў 2594 завяршыліся выдачай пашпарта, 18 атрымалі адмову, яшчэ 43 заяўнікі адклікалі заявы самастойна.

Для параўнання, у 2024 годзе грамадзянства атрымалі 2405 беларусаў, у 2023-м — 350, у 2022-м — 470, у 2021-м — 385.

Найбольш беларусаў натуралізаваліся ў Баварыі — 573 чалавекі, і ў Бадэн-Вюртэмбергу — 267.

У цэлым па Германіі ў 2025 годзе грамадзянства атрымалі 332 500 замежнікаў. Гэта рэкордны паказчык з моманту ўвядзення статыстыкі ў 2000 годзе — на 14% больш, чым у 2024-м. Найчасцей нямецкі пашпарт атрымлівалі грамадзяне Сірыі, Турцыі і Расіі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!