Фото: Martin Brosy, unsplash.com
У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі расказалі пра графік работы ўстаноў аховы здароўя ў святочныя дні.
Паводле слоў начальніка аддзела арганізацыі медыцынскай абароны пры НС Дзмітрыя Ляха, 3 ліпеня стацыянары, паліклінікі, санітарна-эпідэміялагічныя і аптэчныя арганізацыі працуюць па раскладзе святочнага дня, а 4 ліпеня — па графіку суботы.
«У святочныя дні ўзмоцнена работа амбулаторна-паліклінічных арганізацый аховы здароўя, прыёмных аддзяленняў, траўматалагічных пунктаў, аддзяленняў інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі з забеспячэннем дзяжурстваў найбольш кваліфікаваных спецыялістаў», — паведаміў ён.
Служба хуткай медыцынскай дапамогі будзе пераведзена ў рэжым павышанай гатоўнасці. 3 ліпеня па ўсёй краіне будуць задзейнічаны каля 250 брыгад хуткай медыцынскай дапамогі і каля 100 рэзервовых брыгад. У Мінску будуць працаваць 34 брыгады.
Мінаховы здароўя таксама нагадала пра меры бяспекі ў спякотнае надвор’е.
«Ёсць фактары, якія могуць прывесці да атрымання цеплавога ўдару. Варта выконваць наступныя рэкамендацыі: свабоднае адзенне, захаванне пітнога рэжыму, у выпадку спякотнага надвор’я — пастарацца менш знаходзіцца пад уздзеяннем прамых сонечных прамянёў», — адзначылі спецыялісты.