СК завяршыў расследаванне ў дачыненні да блогера Міхаіла Драгуна

Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 17-гадовага гродзенскага блогера Міхаіла Драгуна. Ён абвінавачваецца ў паклёпе і прычыненні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу ў буйным памеры.

Паводле матэрыялаў справы, летам 2025 года блогер прапанаваў маці 9-гадовага Вані Сцецэнкі дапамагчы сабраць сродкі на дарагое лячэнне хлопчыка. Блогер збіраў грошы праз свой акаўнт у Instagram, але на лячэнне дзіцяці перадаў толькі невялікую частку.

Драгун выкарыстоўваў некалькі сім-карт і больш за 20 банкаўскіх рахункаў родных і знаёмых, на якія паступалі сродкі. Да арганізацыі збору ён таксама прыцягнуў сваю 37-гадовую сяброўку, якая не падазравала пра планы блогера. Жанчыну затрымалі разам з Драгуном у лістападзе 2025 года, але пазней крымінальны пераслед у дачыненні да яе спынілі.

Устаноўлена, што на рахункі і абаненцкія нумары Драгуна паступіла больш за 2 млн рублёў на лячэнне хлопчыка. Хлопец перадаў блізкім дзіцяці малую частку грошай, а астатняе траціў на арэнду жылля, рэстараны, забавы, адпачынак за мяжой і падарункі падпісчыкам для раскруткі акаўнта.

Таксама Драгун размясціў у Instagram заведама ілжывыя звесткі, якія ганьбяць яго 18-гадовую сяброўку. Дзяўчына перадала блогеру рэквізіты свайго рахунку для дабрачыннасці, але калі на рахунак сталі паступаць буйныя сумы, спалохалася і заблакавала доступ. Блогер не змог дамовіцца пра перадачу грошай і ў сваім акаўнце публічна абвінаваціў дзяўчыну ў крадзяжы 50 тысяч рублёў.

На допыце блогер прызнаў, што перадаў на лячэнне дзіцяці ў некалькі разоў менш, чым траціў на сябе і падарункі падпісчыкам.

Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд. Блогер застаецца пад вартай.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!