Центральный аппарат Следственного комитета. Фото: СК
Следчы камітэт Беларусі паведаміў пра затрыманне падазраванага па справе аб атручванні дзяцей на Міншчыне.
“Падазраваны затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў рамках крымінальнай справы па ч. 1 арт. 336 Крымінальнага кодэкса Беларусі. З ім праводзяцца следчыя дзеянні. Устанаўліваюцца іншыя пацярпелыя. Прадукцыя адклікана і канфіскавана з мэтай недапушчэння яе далейшай рэалізацыі. Прызначаны шэраг экспертных даследаванняў”, — гаворыцца ў паведамленні СК.
Прычынай атручвання ў камітэце назвалі парушэнні санітарна-эпідэміялагічных нормаў, дапушчаныя работнікам падчас вытворчасці малочнай прадукцыі.
У СК таксама дадалі, што праводзяць маштабную прафілактычную працу з прадпрыемствамі гэтай галіны па ўсёй краіне. Да кіраўніцтва і работнікаў даведзены патрабаванні аб неабходнасці захавання санітарных нормаў і правілаў падчас тэхналагічных працэсаў.
“У ходзе праверачных мерапрыемстваў таксама ўстаноўлена, што падобныя парушэнні не з’яўляюцца сістэмнымі і не носяць масавага характару. Іншых парушэнняў падобнага роду не зафіксавана”, — заявілі ў СК.
Нагадаем, 2 і 3 чэрвеня ў Барысаўскую ЦРБ паступілі 30 дзяцей з млоснасцю і ванітамі. Дзеці наведвалі розныя дзіцячыя сады горада. Яшчэ 13 дзяцей пацярпелі ў іншых населеных пунктах Мінскай вобласці. Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу паводле артыкула аб парушэнні санітарных нормаў (ч. 1 арт. 336 КК).
У панядзелак Міністэрства аховы здароўя заявіла, што прычынай атручвання стаў кісламалочны напой «Біфідзін» вытворчасці ТАА «Біямолпрам». Лабараторныя даследаванні пацвердзілі, што напой не адпавядае патрабаванням мікрабіялагічнай бяспекі. Праца прадпрыемства была прыпынена.