Изображение носит иллюстративный характер. Фото: freepik.com
Аўтаматызаваная сістэма аналізу цэн, якую стварылі па ініцыятыве ўрада, абышлася ў 5,1 млн рублёў. Пры гэтым яна працуе толькі па трох не самых адчувальных таварах. Пра гэта заявіў падчас сённяшняй справаздачы ўрада Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, аналіз цэн з дапамогай сістэмы вядзецца па трох пазіцыях: халадзільнікі, шыны і веласіпеды. Лукашэнка таксама адзначыў, што падрыхтаваны праект указа, паводле якога на функцыянаванне сістэмы штогод запытваецца па 2,5 млн рублёў. Ён пацікавіўся, як сістэма дапаможа вытворцам і абароніць спажыўца ад нядобрасумленных перакупшчыкаў, які будзе канкрэтны вынік для грамадзян, колькі дазволіць эканоміць штогод.
“Паўтараю тым, хто не разумее, — людзі ядуць прадукты, а не статыстыку! Таму кантроль за цэнамі павінен быць жорсткім, а іх фарміраванне справядлівым!” — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён таксама выказаўся пра ўзровень інфляцыі.
“Як бы ні закалыхваў урад, маўляў, недавыканалі крыху, факт — рост цэн 106,8% пры заданні 105%”, — сказаў ён.
Лукашэнка пры гэтым звярнуў увагу, што многія запатрабаваныя тавары падаражэлі значна мацней. Свініна — на 15%, цэны на ялавічыну выраслі на 12%, рыбу — на 11%, малако і кефір — на 9–10%, сметанковае масла (якога на складах ляжыць 40 тыс. т) — на 8%, грэчку — на 11%, кандытарскія вырабы — амаль на 15%, моркву і капусту — на 19–27%.
Нагадаем, сістэма аналізу цэн была прапанавана ўрадам пад кіраўніцтвам Рамана Галоўчанкі. За яе адказваў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў. Дадзеная сістэма прызвана адсочваць цэны на імпартныя і беларускія тавары.
“Фактычна гаворка ідзе пра магчымасць у рэжыме анлайн бачыць увесь ланцужок фарміравання кошту тавару ад яго з’яўлення да траплення на паліцы”, — казаў Галоўчанка летам 2024 года.
У верасні мінулага года кіраўнік МАРТ Артур Карповіч расказваў, што сістэма ўжо працуе.
«Выкарыстоўваючы яе функцыянал, магчыма ў штодзённым рэжыме выбудоўваць і, адпаведна, кантраляваць ланцужкі змянення цаны ад этапу ўвозу ў краіну або вытворчасці тавару да яго продажу ў рознічнай сетцы. Адначасова са зборам, апрацоўкай, агрэгацыяй даных аб фактычных цэнах сістэма будзе дазваляць фарміраваць прагназуемую аналітыку з выкарыстаннем метадаў і алгарытмаў штучнага інтэлекту. Над гэтым мы працягваем працаваць і ў гэтым годзе», — расказваў ён.
Тады Карповіч казаў, што да кастрычніка плануецца пашырыць пералік адсочваемых тавараў, аднак, мяркуючы па словах Лукашэнкі, гэтага так і не адбылося.