«Вясна»: Апублікаваныя прапагандай матэрыялы не ствараюць новых выклікаў для бяспекі

Праваабарончы цэнтр «Вясна» пракаментаваў публікацыю відэазапісаў семінараў і некаторых дакументаў на прапагандысцкіх каналах і заявіў, што апублікаваныя матэрыялы не ствараюць новых пагроз бяспецы. Частка з іх распаўсюджвалася публічна, частка ўжо знаходзілася ў сілавікоў з 2020 года.

«8 красавіка прапагандысцкія каналы распаўсюдзілі відэазапісы семінараў для былых валанцёраў і назіральнікаў «Вясны», а таксама асобныя праектныя дакументы таго ж перыяду, прадстаўляючы іх як «сенсацыю». Матэрыялы ахопліваюць перыяд 2019–2020 гг. і трапілі да спецслужбаў у выніку пераследу праваабаронцаў «Вясны» ў Беларусі ў 2020–2021 гг. з канфіскаваных носьбітаў інфармацыі.

Мы ўважліва вывучылі і прааналізавалі змест апублікаваных матэрыялаў і пацвярджаем, што яны не ствараюць ніякіх новых выклікаў для бяспекі арганізацыі і тых, хто так ці інакш датычны да яе дзейнасці», — заяўляе «Вясна».

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што некаторыя з матэрыялаў распаўсюджваліся публічна, а некаторыя ўжо знаходзіліся ў распараджэнні сілавікоў і выкарыстоўваліся ў крымінальных справах супраць праваабаронцаў цэнтра.

«Гаворка ідзе пра матэрыялы, частка з якіх сапраўды запісвалася і распаўсюджвалася публічна або сярод валанцёраў «Вясны» ў той перыяд. Іншая частка прадстаўленых дакументаў ужо знаходзілася ў распараджэнні сілавых органаў у 2020–2021 гадах і выкарыстоўвалася ў межах крымінальнай справы «Вясны», па якой былі асуджаны Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч і Дзмітрый Салаўёў.

Апублікаваныя відэа з’яўляюцца сапраўднымі, аднак не ўтрымліваюць новай інфармацыі. Частка апублікаваных матэрыялаў мела публічны або часткова публічны характар. І ўсе яны падкрэсліваюць, што ПЦ «Вясна» ажыццяўляў адкрытую легітымную дзейнасць у сферы абароны правоў чалавека», — заяўляюць праваабаронцы.

«Вясна» заяўляе пра адсутнасць прыкмет узлому і ўцечкі персанальных даных людзей, якія звярталіся па дапамогу.

«Прыкмет узлому або свежай уцечкі даных няма. Таксама няма сведчанняў таго, што былі закрануты персанальныя даныя людзей, якія звярталіся і звяртаюцца ў «Вясну».

У цэлым мы разглядаем сітуацыю як працяг інфармацыйнага ціску на Праваабарончы цэнтр «Вясна»», – гаворыцца ў заяве праваабарончага цэнтра.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!