Андрей Сибига. Фото: МИД Украины
Украіна адрознівае беларускі народ і рэжым Лукашэнкі і працягне ўзаемадзеянне са Святланай Ціханоўскай, заявіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ў гадавіну беларускіх пратэстаў.
«Шэсць гадоў таму, 9 жніўня, беларусы ясна прадэманстравалі сваю волю да дэмакратычных перамен і сваё права самастойна вызначаць будучыню ўласнай краіны. Іх выбар быў сустрэты рэпрэсіямі. Аднак гады ціску, зняволенняў і вымушанай эміграцыі не сцерлі імкнення беларусаў да свабоды, дэмакратыі і суверэнітэту.
Украіна выразна адрознівае беларускі народ і рэжым Лукашэнкі, які нясе адказнасць за садзейнічанне агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны. Мы цэнім многіх беларусаў, якія падтрымалі Украіну і выступілі супраць расійскай агрэсіі», — напісаў Сібіга ў сацсетцы X.
Кіраўнік украінскага МЗС заявіў, што Кіеў працягне супрацоўніцтва са Святланай Ціханоўскай.
«Мы спадзяёмся, што аднойчы Беларусь стане свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай краінай, дзе яе народ, а не Масква, будзе вызначаць будучыню краіны. Такая Беларусь умацавала б бяспеку ўсяго нашага рэгіёна.
Украіна працягне цеснае ўзаемадзеянне з Ціханоўскай і ўсімі беларусамі, якія хочуць жыць у свабоднай і еўрапейскай Беларусі. Свабоднай Беларусі — месца ў свабоднай Еўропе», — заявіў Сібіга.