Латушка: Варыянту здацца для нас не існуе

Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, заклікаў Еўрасаюз увесці санкцыі супраць беларускага рэжыму і «Саюзнай дзяржавы», а таксама заявіў, што беларусы павінны быць гатовыя да таго, што акно магчымасцей для пачатку перамоў аб транзіце адкрыецца раптоўна. Пра гэта палітык казаў на другім дні канферэнцыі «Новая Беларусь», якая праходзіць у Варшаве.

Намеснік кіраўніцы АПК заклікаў еўрапейскіх партнёраў падтрымаць расследаванне беларускай сітуацыі ў Міжнародным крымінальным судзе, звязанай з дэпартацыяй і прымусам да дэпартацыі сотняў тысяч беларусаў.

Латушка адзначыў, што з сакавіка 2025 года ў дачыненні да рэжыму не было ўведзена новых санкцый за парушэнні правоў чалавека. Адпаведныя запыты аб новых санкцыях былі накіраваны ў Еўракамісію, паколькі рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Латушка назваў восем задач для беларускіх дэмсіл на найбліжэйшы час:

  1. Умацаванне дэмакратычных інстытутаў.
  2. Абарона правоў і інтарэсаў беларусаў за мяжой, падтрымка былых палітвязняў.
  3. Падтрымка нацыянальнага адраджэння, культуры і адукацыі.
  4. Процідзеянне паглынанню суверэнітэту і прарасійскай прапагандзе, увядзенне санкцый супраць структур «Саюзнай дзяржавы», якую Расія выкарыстоўвае для дэмантажу беларускай незалежнасці.
  5. Важна, каб павялічваліся рэсурсы, якія выдзяляюцца Еўрапейскім саюзам для эфектыўнага процідзеяння магутнай прарасійскай прапагандысцкай машыне.
  6. Сёння ўзрастаюць пагрозы ўцягвання Беларусі ў гарачую фазу вайны. Менавіта таму ў АПК прынята рашэнне аб стварэнні Сітуацыйнага штаба.
  7. Працяг падтрымкі Украіны і нашых добраахвотнікаў.
  8. Працяг працы па прыцягненні да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці супраць беларускага народа, за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Міжнародным крымінальным судзе, а таксама за злачынства агрэсіі ў рамках Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны, які ствараецца.

«Мы добра разумеем адно аднаго. Разумеем, як нам цяжка. Як за гэтыя гады назапасіліся стомленасць, боль, адчуванне нявызначанасці і часам выгаранне. Ці ёсць у нас іншы варыянт? Іншы варыянт — гэта здацца.

Такога варыянту для нас не існуе. У нас проста няма права спыніцца. Нам цяжка, але мы павінны ісці далей. Таму што акрамя нас гэтага не зробіць ніхто», — падкрэсліў Латушка.

Палітык адзначыў, што вокны магчымасцей для пачатку перамоў аб транзіце могуць адкрывацца раптоўна. Адным з іх можа стаць пачатак працэсу перамоў аб міры пасля завяршэння вайны Расіі супраць Украіны.

Беларусы павінны быць да гэтага гатовыя і выразна трансляваць сваю пазіцыю:

«Па-першае: сітуацыя ў Беларусі і яе змяненне павінны быць абавязковым прадметам гэтых перамоў. І суб’ектнасць, інтарэсы беларускага грамадства павінны быць у іх улічаны.

Па-другое: пачатак унутранага дыялогу ў фармаце Круглага стала паміж дзейнымі ўладамі і дэмакратычнымі сіламі павінен быць умовай для ўдзелу Беларусі ў мірных перамовах у якасці аднаго з бакоў», — адзначыў Латушка.

«Мы вернем сабе свой дом, вернемся да родных і блізкіх і адновім справядлівасць. Таму што беларусы заўсёды змогуць дамовіцца з беларусамі. Мы павінны памятаць. Наш дом — адзін. Наш лёс — агульны. Давайце не забываць пра гэта. Таму што Беларусь у нас адна. І таму што мы — адзін народ!» — заявіў палітык.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!