Фото: unsplash.com
Швецыя выказала салідарнасць з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам, які быў прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй» беларускімі ўладамі. МЗС Швецыі назвала рашэнне беларускага рэжыму нападам на акадэмічную свабоду.
«Швецыя глыбока занепакоеная тым, што Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільнюсе «экстрэмісцкай арганізацыяй». Гэта з’яўляецца нападам на акадэмічную свабоду, магчымасці для беларускай моладзі і на Літву.
Швецыя з’яўляецца даўнім прыхільнікам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, і мы выказваем салідарнасць з універсітэтам, яго выкладчыкамі і студэнтамі, а таксама з Літвой», — гаворыцца ў заяве шведскага МЗС.
Салідарнасць з ЕГУ таксама выказалі міністр замежных спраў Літвы і МЗС Эстоніі.
Нагадаем, сёння Вярхоўны суд Беларусі прызнаў дзейны ў Вільнюсе Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт разам з яго структурнымі падраздзяленнямі «экстрэмісцкай арганізацыяй».
У Генпракуратуры заявілі, што дзейнасць ЕГУ курыруецца замежнымі дзяржавамі і фондамі, а праца ўніверсітэта нібыта накіравана на «дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнай абстаноўкі» у Беларусі.
У Генпракуратуры лічаць, што ўніверсітэт рыхтуе беларускую моладзь «да рэалізацыі заходніх сцэнарыяў трансфармацыі палітычнай сістэмы, прасоўвання так званых дэмакратычных каштоўнасцяў, «альтэрнатыўных» трактоўкаў гістарычных, культурных і іншых падзей».