Фото: t.me/minskenergo
З-за неспрыяльных пагодных умоў і шквалістага ветру ў Беларусі парушана электразабеспячэнне больш як у 500 населеных пунктах. Дрэвы, што падаюць, абрываюць лініі электраперадачы, найбольш складаная сітуацыя складваецца ў Віцебскай і Мінскай абласцях, піша БелТА са спасылкай на «Белэнерга».
Да аварыйна-аднаўленчых работ прыцягнутыя 82 брыгады і 85 адзінак спецыяльнай тэхнікі. У «Белэнерга» створаны аператыўны штаб, энергетыкі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме.
У Віцебскай вобласці па стане на 16:30 аднаўленчыя работы вядуцца на дзвюх лініях электраперадачы напружаннем 110 кВ, адной лініі 35 кВ і 16 лініях 10 кВ. Часова парушана электразабеспячэнне ў 74 населеных пунктах, пераважна ў Верхнядзвінскім, Полацкім, Бешанковіцкім і Шумілінскім раёнах. Да ліквідацыі наступстваў прыцягнутыя 45 аварыйных брыгад, 162 работнікі і 45 адзінак спецтэхнікі. У «Віцебскэнерга» ўведзены асаблівы рэжым працы.
Па стане на 19:00 аднаўленчыя работы ў Мінскай вобласці працягваюцца ў 81 населеным пункце, паведамілі ў «Мінскэнерга». Для іх правядзення задзейнічаныя 112 аварыйных брыгад і 136 адзінак спецыялізаванай тэхнікі. Асаблівая ўвага надаецца найбольш пацярпелым раёнам.