Намеснік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Андрэй Лаўрухін пракаментаваў увядзенне новых правілаў агляду навучэнцаў у беларускіх школах. Ён лічыць, што гаворка ідзе не толькі пра праверку асабістых рэчаў, але і пра ўзмацненне кантролю над дзецьмі і мілітарызацыю адукацыі.
З 1 верасня ў Беларусі дзейнічае новы парадак агляду школьнікаў. Згодна з пастановай Савета міністраў №307 ад 19 чэрвеня 2026 года, супрацоўнікі аховы могуць правяраць асабістыя рэчы навучэнцаў пры падазрэнні на наяўнасць забароненых прадметаў у прысутнасці педагагічнага работніка. Раней для агляду непаўналетняга патрабавалася прысутнасць яго законнага прадстаўніка. У МУС тлумачылі змяненне неабходнасцю прадухіліць магчымыя здарэнні. У ведамстве заяўлялі, што агляды не будуць праводзіцца ў дачыненні да ўсіх навучэнцаў, а меры будуць мець выбарачны характар.
Лаўрухін лічыць, што праблема значна шырэйшая за самі агляды. Ён адзначыў, што адначасова з узмацненнем кантролю ў школах расце ўзровень ваеннай падрыхтоўкі і ідэалагічнага ўздзеяння на навучэнцаў.
«Галоўная пагроза не ў гэтым, а ў нагнятанні і атмасферы агрэсіі, якая звязана з ваеннай падрыхтоўкай, з ідэалагічным нагнятаннем, з агульным павышэннем узроўню гэтай агрэсіі і з ператварэннем школы ва ўстанову турэмнага тыпу», – заявіў ён.
Лаўрухін таксама звярнуў увагу на паступовае абмежаванне доступу бацькоў у школы і магчымасцей навучэнцаў свабодна пакідаць будынкі адукацыйных устаноў. На яго думку, у выніку школа замест адкрытай і бяспечнай прасторы набывае рысы рэжымнай установы.
Ён таксама задаўся пытаннем аб прававых падставах аглядаў і парадку іх правядзення, адзначыўшы, што застаецца незразумелым, наколькі новыя меры адпавядаюць правам навучэнцаў.
На яго думку, улады самі спрыяюць росту агрэсіі: дзяцей вучаць абыходзіцца са зброяй, уцягваюць у ваенную падрыхтоўку і ідэалагічныя мерапрыемствы, а затым спрабуюць змагацца з наступствамі з дапамогай яшчэ большага кантролю. Прадстаўнік АПК лічыць, што ўзмацненне кантролю можа не толькі не вырашыць праблему бяспекі, але і дадаткова пагоршыць атмасферу ў школах.
Улады Беларусі, у сваю чаргу, звязваюць узмацненне кантролю з бяспекай. У Міністэрстве адукацыі заяўлялі пра выпадкі выяўлення ў навучэнцаў забароненых прадметаў пасля летніх канікулаў.
“Гэтыя прадметы нясуць патэнцыйную небяспеку для ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Вядома, мы правялі гутаркі. Разабраліся, што гэта, чаму, і павінны зрабіць выснову аб тым, што неабходна ўсё ж нагадаць усім удзельнікам адукацыйнага працэсу актуальныя правілы бяспекі, якія неабходна выконваць абсалютна ўсім. Выключэнняў быць не можа. Калі мы будзем дзейнічаць у рамках выканання галоўнага асноўнага педагагічнага прынцыпу адзінства патрабаванняў сям’і і школы, то, я ўпэўненая, што мы зможам забяспечыць бяспеку нашых дзяцей”, – пракаментавала новаўвядзенне намесніца міністра адукацыі Беларусі Кацярына Пятруцкая.
Улады таксама спасылаліся на выпадкі нападаў у адукацыйных установах іншых краін. Паведамлялася, што ў маі ў беларускіх установах адукацыі выявілі 74 выпадкі праносу забароненых прадметаў.
