Сейм Латвіі падтрымаў забарону на ўвоз кніг з Беларусі і Расіі

Сейм Латвіі 23 ліпеня ў канчатковым чытанні прыняў папраўкі да закона аб падтрымцы грамадзянскага насельніцтва Украіны, якія прадугледжваюць новыя абмежаванні на імпарт тавараў беларускага і расійскага паходжання.

Папраўкі ўводзяць нацыянальную забарону на ўвоз шэрагу прамысловых тавараў, уключаючы кнігі, газеты, відэагульні, спартыўныя тавары, цацкі, адзенне і абутак. Забарона таксама будзе распаўсюджвацца на тавары, імпартаваныя з трэціх краін, калі краінай іх паходжання з’яўляюцца Беларусь або Расія.

«Гэтымі папраўкамі мы працягваем мэтанакіравана разрываць эканамічныя сувязі з Расіяй і Беларуссю, захоўваючы пры гэтым непахісную падтрымку Украіны ў яе барацьбе за свабоду і незалежнасць. Гэта яшчэ адзін важны крок на шляху да разрыву эканамічных адносін з краінамі-агрэсарамі», — заявіў Раймандс Бергманіс, старшыня Камітэта па абароне, унутраных справах і прадухіленні карупцыі, адказнага за прасоўванне законапраекта ў Сейме.

Дакладны пералік прадукцыі, якая падпадае пад абмежаванні, вызначыць Кабінет міністраў Латвіі.

Новыя нормы таксама распаўсюджваюцца на асобныя катэгорыі тавараў, якія, паводле ацэнкі латвійскіх уладаў, могуць выкарыстоўвацца для «распаўсюджвання прапаганды і дэзінфармацыі».

Акрамя таго, Кабінет міністраў будзе штогод да 1 сакавіка ацэньваць уплыў забароны на імпарт з пункту гледжання бяспекі і грамадскіх інтарэсаў Латвіі, а таксама прадстаўляць справаздачу ў Сейм.

Закон уступіць у сілу на наступны дзень пасля яго афіцыйнага апублікавання. Забарона на імпарт будзе дзейнічаць да 1 ліпеня 2027 года, паведамілі ў прэс-службе латвійскага Сейма.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!