Фото: t.me/SBUkr
Служба бяспекі Украіны прадэманстравала абломкі балістычнай ракеты, якой Расія ў ноч з 8 на 9 студзеня атакавала Львоўскую вобласць.
“Паводле папярэдняй інфармацыі, выяўленыя камплектуючыя належаць да ракетнага комплексу «Арэшнік», — заявілі ў прэс-службе СБУ.
Сярод знойдзеных кампанентаў — блок стабілізацыі і навядзення, запчасткі рухавічнай устаноўкі, фрагменты механізму арыентацыі і сопла з платформы блока развядзення.
Абломкі маюць статус рэчавых доказаў і рыхтуюцца да перадачы на паглыбленую экспертызу, адзначаюць у СБУ.
Следчыя СБУ кваліфікуюць прымяненне гэтай ракеты па грамадзянскай інфраструктуры Украіны як ваеннае злачынства з боку Расіі. Папярэдне ўстаноўлена, што пуск ракеты «Арэшнік» сярэдняй далёкасці класа «зямля — зямля» быў ажыццёўлены з расійскага палігона «Капусцін Яр».
“Атакуючы грамадзянскія аб’екты нашай дзяржавы паблізу мяжы з Еўрапейскім саюзам, Крэмль спрабаваў знішчыць інфраструктуру жыццезабеспячэння рэгіёна ва ўмовах рэзкага пагаршэння надворных умоў”, — заявілі ў СБУ.
Следчыя ўстанаўліваюць усе абставіны, а таксама арганізатараў і выканаўцаў гэтага ваеннага злачынства РФ для прыцягнення іх да адказнасці. Дасудовае расследаванне паводле арт. 438 Крымінальнага кодэкса Украіны (ваенныя злачынствы) працягваецца. Мерапрыемствы праводзяцца пад працэсуальным кіраўніцтвам Офіса Генеральнага пракурора.
Нагадаем, сёння Мінабароны РФ заявіла пра ўдар «Арэшнікам» па Украіне. Мэтай быў аб’ект у Львоўскай вобласці.