Санаэ Такаіці пераабрана на пасаду прэм’ер-міністра Японіі

Першая ў гісторыі жанчына-прэм’ер Японіі Санаэ Такаіці пераабрана на пасаду кіраўніка ўрада. За яе сёння прагаласавала ніжняя палата парламента.

Такаіці стала прэм’ер-міністрам у мінулым годзе, перамогшы на ўнутрыпартыйных выбарах кіруючай Ліберальна-дэмакратычнай партыі пасля адстаўкі Сігэру Ісібы.

Каб заручыцца падтрымкай выбарцаў, Такаіці ініцыявала датэрміновыя парламенцкія выбары. На іх яе партыя атрымала пераканаўчую перамогу, атрымаўшы рэкордныя 316 месцаў у 465-мясцовай ніжняй палаце парламента. Пасля папярэдніх выбараў у ЛДП было 198 мандатаў. Рэкордны вынік дае магчымасць партыі пераадолець вета верхняй палаты парламента, дзе яна пакуль застаецца ў меншасці.

Сёння перад пачаткам сесіі новаабранага парламента Такаіці і яе кабінет склалі паўнамоцтвы. Дэпутаты пераабралі яе прэм’ер-міністрам. Пасля выбараў кіраўніца ўрада заяўляла, што не будзе абнаўляць склад кабінета.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!