Фото: МИД
Намеснік міністра замежных спраў Ігар Сакрэта ў выступленні на пасяджэнні Савета ААН па правах чалавека назваў працу гэтага органа правальнай, абвінаваціў яго ў прадузятасці і пахваліўся тым, што з-за халоднага студзеня ў Беларусі адклалі павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.
Абвінавачанні Сакрэты ў адрас СПЧ былі стандартнымі. Савет прадузята ставіцца да шэрагу краін, яго дзейнасць выкарыстоўваецца для апраўдання санкцый.
“Сённяшнія выступленні даказваюць, што праца СПЧ усё больш і больш становіцца правальнай, ператвараючыся ў фарс. Большасць дзяржаў прад’яўляе да яго ўсё больш прэтэнзій. Задаволеныя ім толькі тыя, хто спрабуе навязаць праз яго свой рэцэпт «дэмакратыі», якая на справе для іншых суверэнных краін абарочваецца хаосам і антыканстытуцыйным беспарадкам. Рэзалюцыі, што прымаюцца ў гэтай зале, на жаль, зусім не пра правы чалавека. Яны служаць зусім іншым мэтам – апраўданню санкцый, знешняга ціску, лінчаванню «нязручных дзяржаў», падзелу свету на «дрэнных» і «добрых», — сказаў ён.
Сакрэта таксама заявіў, што эксперты ААН прысвоілі сабе ролю квазісудовых органаў.
“Спецыяльныя дакладчыкі і т. зв. «незалежныя эксперты» прысвоілі сабе ролю квазіследчых і квазісудовых органаў: наўпрост умешваюцца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў. Пытанне: на якой падставе? Чамусьці адны краіны разглядаюцца пад лупай, іншыя ж аказваюцца ў «сляпой зоне» Савета? А між тым ідэальных краін няма, як паказваюць вынікі ўніверсальнага перыядычнага агляду. Усе павінны падпарадкоўвацца адным законам”, — сказаў ён.
У якасці прыкладу ён прывёў тое, што Латвію так і не абавязалі ліквідаваць інстытут безграмадзянства, а Літва і Польшча бесчалавечна абыходзяцца з мігрантамі, але гэта не абмяркоўвае СПЧ. Далей Сакрэта вырашыў пахваліцца дасягненнямі беларускіх уладаў у абароне таго, што яны разумеюць пад “сапраўднымі” правамі чалавека.
“Вельмі паказальны прыклад гэтага года. У той час як жыхары нібыта «сытай» Еўропы вымушаныя эканоміць на цяпле, але пры гэтым усё роўна аплачваць драконаўскія, велізарныя рахункі за электрычнасць з-за халоднай зімы, што выдалася сёлета, Беларусь, нягледзячы на беспрэцэдэнтны незаконны санкцыйны ціск, зыходзячы з інтарэсаў сваіх грамадзян, адмаўляецца ад запланаванага павышэння тарыфаў у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі на перыяд халадоў. Дзяржава свядома бярэ на сябе фінансавую нагрузку, каб абараніць сем’і, пенсіянераў, простых людзей, т.зв. уразлівыя катэгорыі грамадзян.
Пакуль у Еўропе расплачваюцца за палітычныя пралікі ростам цэн і падзеннем узроўню жыцця, у нас прыярытэт застаецца нязменным: стабільнасць, сацыяльная абарона і падтрымка грамадзян. І гэта наглядна паказвае розніцу ў падыходах і розніцу ў каштоўнасцях, пра якія так шмат у гэтыя дні гаворыцца ў гэтай зале”, — сказаў ён.
Трэба адзначыць, што тарыфы на ЖКП у Беларусі ўсё роўна вырастуць з 1 сакавіка.
“Сучасная Беларусь – гэта стабільная дзяржава, цвёрда якая ідзе па шляху ўстойлівага развіцця. Зыходзім з простага прынцыпу: правы чалавека пачынаюцца з права жыць годна, падкрэсліваю, годна – з права жыць пад мірным небам, атрымліваць якасную адукацыю, мець годную аплату працы, атрымліваць высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу і сацыяльную падтрымку, самае галоўнае – быць упэўненым у заўтрашнім дні для сябе і сваіх дзяцей. Гэты год у Беларусі абвешчаны Годам жанчыны, што дазволіць умацаваць жаночую ролю ва ўстойлівым развіцці грамадства”, — сказаў ён.
Сакрэта таксама заявіў, што беларусы сёння адзіныя як ніколі, а досвед краіны паказвае, што ніякія санкцыі не змогуць спыніць краіну.
Нагадаем, напярэдадні пасяджэння СПЧ праваабарончыя арганізацыі заклікалі працягнуць і ўзмацніць мандаты Спецыяльнага дакладчыка і Групы незалежных экспертаў па становішчы з правамі чалавека ў Беларусі. Праваабаронцы адзначылі, што ў краіне налічваецца больш за 1100 палітвязняў.