ЗША ўвялі санкцыі супраць расійскай кампаніі ў сферы кібербяспекі

ЗША ўвялі санкцыі супраць расійскай кампаніі ў сферы кібербяспекі Matrix, якая працуе пад маркай Operation Zero, яе заснавальніка Сяргея Зеленюка, а таксама звязаных з імі некалькіх асоб.

Абмежаванні звязаныя з расследаваннем, якое праводзіла ФБР у дачыненні да аўстралійца Пітэра Уільямса. У 2022-2025 гадах Уільямс працаваў на амерыканскага абароннага падрадчыка. За гэты час ён выкраў інфармацыю пра восем уразлівасцяў “нулявога дня”, якія паводле кантракта прызначаліся выключна для ўрада ЗША і выбраных саюзнікаў. Operation Zero заплаціла яму за іх 1,3 млн долараў у крыптавалюце. У кастрычніку 2025 года Уільямс прызнаў сябе вінаватым па двух пунктах абвінавачання ў крадзяжы камерцыйнай таямніцы.

У заявах Дзярждэпартамента і Мінфіна ЗША адзначаецца, што расійская кампанія прапануе ўзнагароджанне любому, хто прадаставіць ім эксплойты для праграмнага забеспячэння, распрацаванага ў ЗША. Сцвярджаецца, што Зелянюк спрабаваў прадаць звесткі пра ўразлівасці разведвальным службам. Акрамя таго, яго кампанія займаецца сістэмамі кіберразведкі, уключаючы шпіёнскае ПЗ і метады здабывання асабістай ідэнтыфікацыйнай інфармацыі і іншых канфідэнцыйных дадзеных, якія загружаюцца карыстальнікамі прыкладанняў штучнага інтэлекту.

Таксама санкцыі ўводзяцца ў дачыненні да звязанай з Зеленюком кампаніі Special Technology Services з ААЭ, а таксама звязаных з ім асоб: Марыны Васановіч, Азізжона Мамашоева, Алега Кучарава. Алег Кучараў падазраецца ў тым, што з’яўляецца членам кіберзлачыннай групоўкі Trickbot, санкцыі ў дачыненні да якой і яе ўдзельнікаў былі ўведзены ў 2023 годзе.
Таксама санкцыі ўведзены ў дачыненні да кампаніі Advance Security Solutions, створанай Мамашоевым.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!