Рыцарскі клуб «Барысфен» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»

Рыцарскі клуб «Барысфен» прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем» у Беларусі. Падставай стала рашэнне МУС ад 17.12.2025 №30ЭК «Аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фармаваннем і забароне яе дзейнасці».

У запісе адзначана, што да праекта маюць дачыненне Станкевіч Павел Юр’евіч (10.10.1974 г.н.), Лішанкоў Павел Пятровіч (14.07.2005 г.н.), Далячка Дзмітрый Андрэевіч (28.11.2001 г.н.).

«Група грамадзян, якая дзейнічае з 2020 года сумесна і ўзгоднена, аб’яднаная пад агульнай назвай “Барысфен”, ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць», — гаворыцца ў «даведачнай інфармацыі».

На мінулым тыдні з’явілася інфармацыя, што рэканструктар і кіраўнік гістарычнага клуба «Барысфен» Павел Станкевіч выйшаў на волю пасля двух адміністрацыйных арыштаў па 15 сутак. Як паведамляе @Mayday.team са спасылкай на крыніцу, пасля гэтага Павел «прабыў на волі зусім нядоўга, можа пару дзён», пасля чаго быў зноў затрыманы па адміністрацыйным артыкуле. Магілёвец зноў быў падвергнуты адміністрацыйнаму арышту і цяпер знаходзіцца ў ІЧУ.

Нагадаем, беларускія ўлады рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для барацьбы з апанентамі і іншадумствам у цэлым.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!