Фота: t.me/kultinfa
Міністр культуры Руслан Чарнецкі прадставіў калектыву Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы новага мастацкага кіраўніка. Ім стаў рэжысёр Дзмітрый Акімаў.
«Пачынаецца новая старонка ў гісторыі славутага, флагманскага тэатра Беларусі. Упэўнены, што наперадзе нас чакае мноства цудоўных спектакляў і ўражанняў!» — паведаміў міністр, віншуючы новапрызначанага кіраўніка..
Акімаў у адказ расказаў, што яго першачарговая мэта — рэалізацыя стратэгіі развіцця тэатра на доўгі перыяд, каб мы «ўсе адчулі і асэнсавалі яго місію і кірунак. Мы павінны зразумець, якім ён мусіць быць па ўсіх паказчыках: творчым, эканамічным і грамадска-палітычным. Буду рабіць усё магчымае, каб тэатр адпавядаў свайму высокаму статусу», – паабяцаў новапрызначаны кіраўнік.
Дзмітрый Акімаў скончыў Іркуцкае тэатральнае вучылішча і рэжысёрскі факультэт ВТУ імя Шчукіна. Галоўны рэжысёр Матыгінскага драматычнага тэатра (Краснаярскі край). Працаваў у Іркуцкім і Чарамхоўскім драматычным тэатрах. Намінант Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая Маска» і пераможца многіх прэстыжных тэатральных фестываляў. Эксперт-рэжысёр на міжнародным моладзевым адукацыйным форуме «Таўрыда».
У тэатры ідуць два спектаклі, рэжысёрам-пастаноўшчыкам якіх з’яўляецца Дзмітрый Акімаў: «Дзядзечкаў сон» па матывах аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага і «А зоры тут ціхія» па матывах аднайменнай аповесці Барыса Васільева.
Папярэднім кіраўніком тэатра імя Янкі Купалы была Вольга Няфёдава, якая ўзначаліла яго ў 2020 годзе, пасля таго, як з тэатра сышла амаль уся трупа.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram