Цемра. Фота: Ганна Шот.
У прасторы Needle («Іголка») аўстрыйскага музея Kunsthaus Graz адкрыўся праект беларускай мастачкі Цемры пад назвай Ziamliačka.
Цэнтральным аб’ектам экспазіцыі стала гара глебы вагой 225 кілаграмаў, якую мастачка перавезла ў Польшчу з радзімы. Над ёй аўтарка размясціла шкляны флакон з экстарктам зямлі, што ўтрымлівае водар гэтай глебы.
Паводле куратаркі выставы Аляксандры Трост, гэтая зямля – «не проста матэрыя, а сапраўднае «палітычнае цела», якое перасякае межы, супраціўляецца сціранню і ператварае прыватную страту ў агульны архіў для ўсіх выгнаннікаў».
Паразмаўлялі з Цемрай пра спробы захаваць памяць і адчыць глебу пад нагамі.
– Калі ты зразумела, што праект з’явіўся ўнутры, што стала першым сігналам?
– Праект пачаўся з жадання самадапамогі. Увосень 2024 года я адчувала поўнае знясіленне, мне было страшна за сябе, нішто не магло папоўніць маю энергію, якую я толькі траціла, бо ў мяне, на жаль, няма месцаў сілы ў Польшчы.
Калі я ўжо нічога не магла, акрамя як ляжаць і плакаць, то ўсвядоміла: апору даюць не толькі людзі, але і зямля ў нас пад нагамі. Хто ніколі не губляў сваю глебу, не можа адчуваць болю з-за яе адсутнасці, не можа зразумець, як яна нас трымае.
І мая мама выкапала 225 кілаграмаў зямлі з участка, дзе стаяў наш радавы дом. Цяпер там толькі пустата. Гэтая зямля перасекла граніцу ва ўмовах абмежаванняў. Мой рытуал збліжэння са страчаным радыкальны: я вяртаю сабе сакральную прастору праз анфлераж. Я здабываю пах з глебы, прымушаючы тлушч і спірт убіраць водар таго, што немагчыма адабраць. Гэты экстракт – форма маёй памяці, спроба вярнуць страчаны спакой.
Да канца 2024 года колькасць вымушаных перасяленцаў ва ўсім свеце дасягнула 123,2 мільёна. Мой шкляны флакон – гэта іх агульная ціхая малітва аб зямлі, якая іх больш не трымае.
Каб адчуць фізічную сувязь з домам, я папрасіла маму перадаць першыя 10 кілаграм зямлі. У той час я выйграла грант ад «Адраджэння» на ідэю праекта па здабыванні паху з роднай зямлі. І каб вярнуць сабе магчымасць узаемадзейнічаць з людзьмі, я наносіла экстракт на цела, на скуру. Каб неяк рухацца, пераадольваць цяжкасці.
– Раскажы пра працэс стварэння працы, як тэхнічна гэта адбывалася?
– Я спрабавала розныя эксперыменты. Супрацоўнічала з Познаньскім навукова-тэхналагічным паркам. Яны рабілі мне пробу – эксперымент экстракцыі СО2 высокага ціску. Аднак гэты метад аказаўся правальным.
Потым я паспрабавала экстракцыю паху праз водную дыстыляцыі. Я атрымала гідралат. Ён выразна пахне зямлёй, але гідралат – гэта пахкая вада. І гэта зусім мяне не задавальняла.
І я паспрабавала метад анфлеражу. Самастойна яго адаптавала. У гэтай тэхніцы выкарыстоўваецца жывёльны тлушч, я яго замяніла на вазелін. На шкляную паверхню — у мяне такіх было шмат – я выкладвала першы пласт – вазелін. Наступны пласт – зямля. Вазелін ўбірае пах зямлі 10 дзён. Потым я мяняю зямлю на свежы пласт, на той жа стары вазелін. Яшчэ 10 дзён і яшчэ раз 10 дзён. І атрымліваецца, што корміш вазелін пахам зямлі.
Потым я залівала яго спіртам, таксама на 10 дзён. І ўжо спірт выцягнуў увесь пах з вазеліну. У выніку атрымалася шмат спірту з разведзенымі ў ім часціцамі. І потым гэта ўсё суткі выпарвалася на вадзяной лазні. Увесь спірт, па ідэі, павінен выпарыцца, і застацца толькі эфірны алей зямлі.
Эфірны алей атрымаць з зямлі вельмі цяжка, бо гэта не кветкі і не расліны, але ў мяне атрымалася гэта зрабіць. Хоць за час падрыхтоўкі – за гэтыя чатыры месяцы – выйшла зусім невялікая колькасць эфірнага алею з зямлі.
– Як праект развіваўся пасля першых эксперыментаў?
– Фінансаванне ад «Адраджэння» скончылася, але я працягвала думаць пра праект і з’ехала ў рэзідэнцыю сюды – у Грац.
І там ужо больш асэнсавана падышла да пытання. Я думала пра зямлю, пра яе энергетычны і палітычны складнікі.
Што такое Ziamliačka? Ziamliačka азначае «жанчына з той жа зямлі». Гэтая праца пра знясіленне выгнання і пра тое, як знаходзіць апору ў самой зямлі — датыкаючыся да першаасновы існавання. Я цвёрда перакананая: без глебы чалавек – нішто, мы не можам існаваць без сувязі і прыналежнасці да нечага большага.
Адначасова я займалася транспарціроўкай зямлі – у наступныя 8 месяцаў пасля рэзідэнцыі я арганізоўвала перавозку зямлі з Беларусі. Пачала гэта рабіць з вясны, яшчэ не ведаючы, што мне прапануюць выставіцца ў Kunsthaus Graz у лютым.
У Грацы я прыдумала, што трэба зрабіць гару глебы. Я шмат распавядала пра праект, і з кожнай сустрэчай ён крышталізаваўся ўсё больш выразна.
Адна з такіх сустрэч адбылася з куратарамі Kunsthaus Graz. І ў канцы лета яны мне напісалі, што хацелі б выставіць мой праект. І я пачала рыхтавацца.
– Што прастора Needle дадае працы? Што было б інакш у «белым кубе»?
– Needle дадае працы сімвалізму, бо гэтую гару зямлі відаць з усіх бакоў: яна размешчана ў празрыстым памяшканні, вынесеным над асноўным целам музея. Гэта гара беларускай зямлі на фоне аўстрыйскіх гор. Усё лунае ў прасторы. Эфемерна і адначасова – адкрыта.
І я спачатку не зразумела, гэта добра ці дрэнна, таму што ўяўляла сабе «белы куб», але цяпер, калі ўбачыла прастору, то пачала рыхтаваць экспазіцыю такім чынам, каб можна было ад уваходу доўга ісці да акна – нібы да алтара.
Куратары мне прапаноўвалі размясціць інсталяцыю адразу каля ўваходу. Я ад гэтага адмовілася, таму што хацела, каб асноўныя часткі экспазіцыі былі разнесеныя па двух процілеглых кутах. І мне падабаецца, што трэба зрабіць дастатковую колькасць крокаў, каб наблізіцца да гары. Ёсць нейкая сакральнасць у гэтым.
– Як выбудоўвалася праца з куратаркамі Kunsthaus Graz?
– Вельмі далікатна. У тваё бачанне не ўмешваюцца, давяраюць і прысутнічаюць. Тэхнічна ўсё для выставы я вырабляла ў Польшчы. Выдзімала шкляны флакон. Замовіла ў арганізацыі шкляны кораб для зямлі.
Гэта быў мой першы такі працяглы і асэнсаваны праект. Яго рэалізацыя заняла пятнаццаць месяцаў. Я вучылася самастойна рабіць тэхнічныя разлікі і ўсе рашэнні прымала самастойна, раілася толькі пару разоў. Я зразумела, што лепш за мяне ніхто не ведае і што толькі я ўяўляю, як гэта павінна выглядаць. І ўсе мае рашэнні я аргументавала. Пісала лісты, чаму менавіта так павінна быць. І сама напісала тэкст да выставы.
– Як праходзілі дні перад адкрыццём і сам перформанс?
– Я прыехала, і праз два дні пачаўся мантаж выставы. Мяне акружылі неверагодным цяплом і дапамогай. Усе пытанні вырашаліся вельмі хутка. Увесь калектыў музея жаночы: і крэатыўны, і тэхнічны аддзелы. Мы хутка знайшлі агульную мову, і ўсе гэтыя выдатныя дамы дапамагалі мне хоць бы словам кожную гадзіну, прыходзячы і пытаючыся, ці ўсё ў мяне ў парадку, калі я рабіла гару зямлі.
Пра такія рэчы не кажуць, але я захварэла першы раз у жыцці не пасля выставы, не пасля адкрыцця, а перад. Мне было вельмі цяжка гаварыць. І гэта было для мяне самым складаным момантам адкрыцця: я ледзь стаяла на нагах. Зноў адчувала такую моцную страту сіл. Але справілася.
Увесь мінулы год я вучылася раскрываць свой голас, бо яшчэ два гады таму не магла і гуку выдаць. І толькі нядаўна прыйшла да ўсведамлення, што родная зямля асацыюецца ў мяне з поўным прыняццем. Родная таму, што яна заўсёды цябе закалыхае і прыме. І я асацыюю яе з калыханкай, таму што гэта пра клопат, увагу і спакой.
Я знайшла беларускую калыханку, з якой выкінула ўсе словы, акрамя чатырох вельмі сімвалічных радкоў. І мая калыханка пачынаецца з цёплага і далікатнага тону, які метадам паўтарэння ўзмацняецца ў трывожные спевы, каб падкрэсліць сітуацыю, у якой мы знаходзімся. Пра тое, што на самай справе нават тое, што павінна з’яўляцца чымсьці пяшчотным, цёплым і поўным клопату, ператвараецца ў трывожны спеў, які нагадвае сірэны.
Радкі там такія: «Ааа люлі, ааа ай, прыляцелі гулі, селі на вароцях, у чырвоных чабоцах».
Гэтыя вось гулі прыляцелі і селі на Браме нашай Радзімы і не хочуць сыходзіць. Такі зацыклены матыў. Мне падалося, што гэта вельмі сімвалічна – адкрыць выставу спевам, бо няма нічога больш інтымнага за голас.
Але ў мяне адмовіла горла, і я не змагла спяваць, таму ўключылі запіс майго спеву.
Таксама я дала магчымасць адчуць водар, які атрымала са сваёй зямлі. Я пашыла квадраты, якія па сваёй форме імітуюць квадратную экспазіцыю. І на белы лён разліла экстракт зямлі.
– На адкрыцці ты казала прамову… Мне здаецца, яна стала важнай часткай праекта.
– Я казала пра сілу жаночага погляду. Працытую:
«Гаворка не толькі пра «жанчыну з той жа зямлі». Гаворка пра жаночую сілу дзейнічаць і несці памяць. Жанчына ўмее захоўваць тое, што нябачна, але па-сапраўднаму важна.
Гэтая выстава не адбылася б без жанчын. Луіза першай па-сапраўднаму ўбачыла мяне. Потым Каця, Аляксандра, Дорыс паверылі ў праект і дапамаглі ўвасобіць яго ў жыццё. Мая сяброўка А. дапамагла перавезці зямлю. І ўся каманда музея, якая падтрымлівае гэтую працу, – жанчыны. Гэта не супадзенне. Гэта нешта значыць.
Ziamliačka-тая, хто ўтрымлівае сувязь з жывым.
Я веру, што свет можна ўладкаваць інакш.
Яго можна будаваць вакол той, хто нараджае.
Вакол таго, што захоўвае, а не прысвойвае.
Вакол таго, што клапоціцца, а не дамінуе.
Калі мы калі — небудзь абярэм не сілу разбурэння, а сілу нараджэння-свет зменіцца.
І, магчыма, тады зямля перастане быць месцам страты – і зноў стане месцам жыцця.
Дзякуй».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram