Літоўца абавязалі заплаціць больш за 40 тысяч еўра за кантрабанду цыгарэт на метэазондзе

Грамадзянін Літвы атрымаў буйны штраф за кантрабанду беларускіх цыгарэт пры дапамозе метэазонда. Ён таксама павінен выплаціць Віленскаму аэрапорту кампенсацыю за адмену і затрымку рэйсаў.

33-гадовага жыхара Шальчынінкскага раёна затрымалі ў кастрычніку 2025 года. У яго аўтамабілі выявілі 1500 пачкаў беларускіх цыгарэт, рэшткі метэазонда і GPS-трэкер. У дачыненні да мужчыны ўзбудзілі крымінальную справу, паведамляе памежная служба Літвы.

Справу разглядаў Раённы суд Віленскага рэгіёна. Абвінавачаны заявіў, што пазнаёміўся з беларусам, які прапанаваў яму зарабіць на перавозцы цыгарэт пры дапамозе паветраных шароў. Літовец атрымаў каардынаты грузу, які прызямліўся, і прыехаў яго забраць, але быў затрыманы памежнікамі.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым у кантрабандзе і незаконным абыходжанні з падакцызнымі таварамі.

Суд прызначыў абвінавачанаму штраф. У 2021 годзе абвінавачанага ўжо штрафавалі на 12 300 еўра за кантрабанду, але штраф не быў выплачаны. Агульная сума штрафу склала 20 тысяч еўра.

Акрамя гэтага, літовец павінен выплаціць 22 108 еўра па грамадзянскім пазове кампаніі Lietuvos oro uostai, аператару Віленскага аэрапорта. У тую ноч, калі абвінавачаны забіраў груз, аэрапорт у Вільні закрываўся з-за налёту метэазондаў. 25 рэйсаў былі адмененыя, 9 перанакіраваныя ў іншыя аэрапорты, 20 затрыманыя.

З абвінавачанага таксама спагналі 880 еўра за аўтамабіль Volkswagen Passat, на якім ён прыехаў па цыгарэты. Машына належала яго знаёмаму і была канфіскавана.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!