Даклад Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы аб падтрымцы беларусаў плануюць прыняць у сакавіку 2027 года

У рамках II Касцюшкаўскага форуму прадстаўнікі Каардынацыйнай рады правялі сустрэчу з дакладчыцай Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы па Беларусі Беліндай Готардзі і праектным менеджарам Цэнтра экспертызы па шматузроўневым кіраванні Альбертам Флорэсам Эрэрай. З боку беларускіх дэмакратычных сіл у сустрэчы ўдзельнічалі намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан і кіраўніца дэлегацыі КР у Кангрэсе Ірына Халопіца.

Бакі абмеркавалі падрыхтоўку даклада на тэму «Роля мясцовых і рэгіянальных улад у падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці ў выгнанні». Дакумент плануецца прыняць на сакавіцкай сесіі Кангрэса ў 2027 годзе.

Даклад закліканы прааналізаваць праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў краінах знаходжання, і прапанаваць мясцовым органам улады практычныя рашэнні па падтрымцы беларусаў, у тым ліку вызваленых палітычных зняволеных.

Бакі дамовіліся аб супрацоўніцтве для больш канкрэтнай і змястоўнай падрыхтоўкі даклада, паведамілі ў «Кааліцыі Латушкі і руху «За Свабоду».

Фота: t.me/LatushkaRuch
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!