Рэжысёр Мікіта Ільінчык паставіў у Варшаве спектакль «Лялька» паводле Баляслава Пруса. Польскім крытыкам інтэрпрэтацыя класікі не спадабалася

У Драматычным тэатры Варшавы 20 сакавіка адбылася прэм’ера спектакля «Лялька» паводле Баляслава Пруса. Твор, абавязковы ў польскай школьнай праграме, беларус з польскімі каранямі і нядаўна атрыманым польскім пашпартам Мікіта Ільінчык прачытаў у значна больш познім узросце. Таму мясцовае тэатральнае кам’юніці чакала ад яго свежага погляду і новых сцэнічных падыходаў. Але некаторым крытыкам новая інтэрпрэтацыя класікі не спадабалася.

Сцэна са спектакля «Лялька». Фота: Karolina Jóźwiak / teatrdramatyczny

У чаканні новага погляду

Драматурга і рэжысёра Мікіту Ільінчыка, ураджэнца беларускага Навагрудка (між іншым, радзімы Адама Міцкевіча), уладальніка дзвюх прэстыжных тэатральных прэмій AURORА і намінанта на польскую прэмію Paszporty Polityki, лічаць вядомай фігурай у польскім тэатры. Хоць з ідэнтычнасцю блытаюцца ўсе: і тэатразнаўца і журналіст газеты Wyborcza Вітольд Мрозак, які называе Мікіту Ільінчыка то беларускім палякам, то польскім беларусам, і сам творца, што акрэслівае сябе чалавекам панеўрапейскай культурнай традыцыі і гібрыднай ідэнтычнасці.

Калі пішуць пра Мікіту Ільінчыка, згадваюць каштоўнасць старонняга погляду. Які ў Польшчы, аднак, не ўсімі прымаецца. У згаданым інтэрв’ю, якое адбылося якраз напярэдадні прэм’еры «Лялькі», журналіст заўважыў, што спектакль «Добры дзень, Абдо», пастаўлены па п’есе Ільінчыка, стаўся скандалам. Правыя казалі, што ў гарадскім тэатры зладзілі спектакль пра бежанцаў.

На першы погляд, «Лялькі» – першая чыста польская тэма, бо большасць яго ранейшых п’ес і спектакляў, пастаўленых у Польшчы, тычыліся міграцыі і выгнання, то-бок так ці іначай звязаныя з развагамі пра беларускі лёс. Аднак варта толькі прачытаць анатацыю да новага спектакля, каб зразумець: гэта ўсе таксама пра нас.

«У новай пастаноўцы ў Драматычным Мікіта Ільінчык (рэжысёр) і Горан Інджак (драматургія) чытаюць гэты легендарны раман праз прызму палітычнай рэальнасці канца дзевятнаццатага стагоддзя: час падзелу, час падпарадкавання, час адаптацыі да культуры, якая не была ўласнай».

Пра што для вас «Лялька»? – пытаюць у Ільінчыка. «Пра палітычную рэальнасць пад расійскай акупацыяй. І гэта жахлівая рэальнасць для мяне», – адказвае творца.

«Лялька» Баляслава Пруса для для Ільінчыка яшчэ і пра памяць роду. Адпраўной кропкай для спектакля стаў асобнік «Лялькі» 1897 года, знойдзены ў сям’і рэжысёра. Кніга з алоўкавымі нататкамі належала бабулі, якая была грамадзянкай Польшчы ўсяго шэсць гадоў – да 1939 года. Гэты матэрыяльны след складае аснову спектакля: «польскасць як вопыт, успадкаваны не інстытутамі, а памяццю, якая не паспела спраўдзіцца».

Пра што ж «Лялька», легендарны раман, што ўваходізць у польскі літаратурны канон? Твор паказвае эпічную панараму варшаўскага жыцця канца 70-х гадоў XIX стагоддзя. Герой рамана Станіслаў Вакульскі — чалавек вялікай энергіі і выдатных здольнасцяў. Дзеля багацця і высокай пазіцыі ў грамадстве ён ідзе на кампраміс з уласным сумленнем, здраджвае сваім ідэалам і пакутуе ад гэтага. А каханне да бяздушнай прыгажуні — арыстакраткі Ізабэлы Лэнцкай — толькі пагаршае яго пакуты.

Вобраз Вакульскага ў польскай масавай культуры стаўся сімвалам прадпрымальніцтва. Герой рамана разрываецца паміж рамантычнымі ідэаламі і пазітывісцкім прагматызмам. А яго біяграфія адлюстроўвае сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні, якія адбываліся на польскіх землях у другой палове XIX стагоддзя. Вярнуўшыся з высылкі, у якую быў адпраўлены пасля ўдзелу ў паўстанні, галоўны герой рамана назірае за светам, у якім цыркулюе расійскі рубель, ваенны бізнес фармуе фантазіі пра будучыню, а грамадства, дзеля якога ён рызыкаваў сваім жыццём, гатова ўвайсці ў новы парадак, каб захаваць статус і бачнасць пераемнасці.

Аднак Горан Інджак (драматург, дарэчы, з Сербіі) і Мікіта Ільінчык, ствараючы спектакль, акцэнтуюцца не на сацыяльных праблемах тагачаснага польскага грамадства (што ім таксама закідваюць рэцэнзенты), а на вопыце індывіда, які жыве ў рэальнасці падпарадкавання, «у свеце, дзе ідэя «польскасці» аказваецца… нявыкананым абяцаннем».

Сцэна са спектакля «Лялька». Фота: Karolina Jóźwiak / teatrdramatyczny

Інтэлектуальны эксперымент і канцэптуальнае практыкаванне

Як жа ацанілі сцэнічнае ўвасабленне рамана польскія крытыкі? Да гэтага твора, дарэчы, актуалізаваўся інтарэс: плануюцца дзве яго экранізацыі. На інтэрнэт-партале «Teatr dla Wszystkich» з’явілася рэцэнзія Веслава Кавальскага.

«Прэм’ера «Лялькі» рэжысёра Мікіты Ільінчыка, хоць спачатку і выклікала вялікія надзеі, у канчатковым выніку апынулася спектаклем, які не апраўдаў чаканняў, – піша аўтар. – Пасля многіх гадоў адноснага застою ў пастаноўках Пруса, здавалася, што ідзе новае прачытанне гэтага класічнага рамана, інтэрпрэтаванае праз прызму сучасных праблем. На жаль, нягледзячы на некаторыя цікавыя ідэі, спектакль у драматычным тэатры не выходзіць за рамкі інтэлектуальнага эксперыменту, а адсутнасць эмацыйнай глыбіні робіць усё гэта не так, як заслугоўвае гэтая гісторыя».

Аўтар аддае належнае стваральнікам спектакля, якія паспрабавалі адлюстраваць сюжэт рамана праз прызму сучасных палітычных і сацыяльных праблем, асабліва ў кантэксце нацыянальнага і культурнага падпарадкавання. Але крытыкуе, напрыклад, сцэнаграфію, якая спалучае элементы Варшавы XIX стагоддзя з постапакаліптычным пейзажам будучыні, і накіравана на тое, каб паказаць бесперапыннасць рэпрэсіўных механізмаў.

Варшава, зноў якая знаходзіцца пад уладай Расіі, становіцца горадам, поўным турботы, у якім Вакульскі, вярнуўшыся з Сібіры, павінен сутыкнуцца з новым парадкам. «Хоць тэзіс інтэлектуальна цікавы, – піша крытык, – на практыцы ён не захоплівае гледача, і шоу не стварае трывалых сувязяў з персанажамі, пакідаючы нас у сферы інтэлектуальных разважанняў, а не эмацыйнай прыхільнасці».

Не спадабалася тэатральнаму крытыку абстрагаванасць і безэмацыйнасць персанажаў, пазбаўленых сапраўдных пачуццяў, «што робіць усё шоу халодным і ўражліва далёкім». Як і тое, што спектакль з’яўляецца «хутчэй інтэлектуальным эксперыментам і канцэптуальным практыкаваннем, чым паўнавартаснай драмай, якая задзейнічае эмоцыі і прымушае задумацца. Нягледзячы на цікавыя і смелыя спробы пераасэнсавання, тут не хапае фундаментальнай паслядоўнасці і персанажаў, якія маглі б зрабіць шоу сапраўды хвалюючым вопытам», – падсумоўвае крытык.

Сцэна са спектакля «Лялька». Фота: Karolina Jóźwiak / teatrdramatyczny

Стэрэатыпны партрэт Расіі

У штомесячніку «Тэатр» з’явілася яшчэ адна рэцэнзія, у якой Томаш Плята крытыкуе стваральнікаў спектакля за стэрэатыпны партрэт Расіі.

Крытык згадвае, што да гэтага часу Ільінчык быў вядомы ў Польшчы найперш як аўтар (хутчэй як драматург, чым рэжысёр) правакацыйных антыўтопій, што абвяшчаюць невясёлую будучыню Еўропы, якая сутыкнулася з міграцыйным крызісам. «Тэма падаючай Еўропы вяртаецца ў «Ляльцы», але на гэты раз мы бачым не толькі тое, што памірае, сыходзіць у мінулае, але і тое, што расце. Гэта значыць, Расію… Прызнаюся, ува мне расце супраціў такім намаляваным сілуэтам герояў з усходу. Польскі тэатр чамусьці можа бачыць у Расіі выключна эфектыўную і рашучую моц. Калі мы ўбачым спектакль, які пакажа Расію больш рэалістычна: як рэч у распадзе, заправачную станцыю, замаскіраваную пад дзяржаву, – як выказаўся калісьці адзін вядомы палітык?», – абураецца крытык.

***

У нашым праекце «Культурная Re:візія» тэатразнаўца Ірына Лаппо тлумачыць метад дэканструкцыі, характэрны для драматурга і рэжысёра Мікіты Ільінчыка. Метад, які так не спадабаўся крытыкам пры інтэрпрэтацыі тэксту польскай класікі: «Ільінчык стварае свае тэксты як шматслойныя кампазіцыі, дзе чытач не проста назірае, але актыўна ўдзельнічае ў працэсе пераасэнсавання рэальнасці. У выніку тэатр Ільінчыка становіцца не толькі мастацкім досведам, але і інструментам крытычнага мыслення, дзе асабістае і палітычнае сустракаюцца ў агульным перфарматыўным полі, а кожны акт сцэнічнага дзеяння становіцца магчымасцю для ўнутранай трансфармацыі гледача».

Беларускі погляд на «Ляльку», безумоўна, будзе іншым, бо мы ўнутры сюжэта. Нездарма ж, калі  пра гэты спектакль пішуць журналісты, то звяртаюць увагу не на стылістычныя хады, а на папярэджанне, што гучыць у ім: «Еўропа не мае Напалеона». 

Сцэна са спектакля «Лялька». Фота: Karolina Jóźwiak / teatrdramatyczny

Набыць квіткі на новы спектакль у рэжысуры Мікіты Ільінчыка можна на сайце тэатра.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!