«У Беларусі працягваецца крыміналізацыя культурнай дзейнасці»: апублікавалі Маніторынг парушэнняў культурных правоў за студзень – сакавік

Беларускі ПЭН апублікаваў новы аналітычны матэрыял, які падсумоўвае стан беларускай культуры за першы квартал 2026 года.

У Беларусі працягваецца палітычна матываваны пераслед дзеячаў культуры, крыміналізацыя культурнай дзейнасці ў цэлым і літаратурнай творчасці ў прыватнасці. Вызваленне чарговай групы палітычных зняволеных, якое стала магчымым дзякуючы пасярэдніцтву ўрада ЗША ў перамовах з рэжымам Лукашэнкі, адбывалася на фоне новых арыштаў.

Сярод рэзанансных рэпрэсій у сферы культуры – беспрэцэдэнтны ціск на незалежных выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў: затрыманні, допыты, адміністрацыйныя арышты і крымінальны пераслед; прыпыненне дзейнасці мінскага выдавецтва «Тэхналогія»; прызнанне «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» фонда «Kamunikat.org», а таксама выдавецтваў «Gutenberg Publisher», «Логвінаў» і «Янушкевіч», якія легальна выдаюць беларускія кнігі ў замежжы.

Падобны лёс напаткаў і шэраг іншых найважнейшых культурных ініцыятыў. Сярод прызнаных «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» – Беларускі ПЭН, найстарэйшая праваабарончая арганізацыя краіны, якая аб’ядноўвае літаратараў.

Крымінальны пераслед і адміністрацыйны ціск закранулі самых розных прадстаўнікоў культуры: асуджэнне на тры гады калоніі Алега Хаменкі – музыкі, кампазітара і лідара фолк-мадэрн гурта «Палац» – за выпуск музычных радыёперадач; затрыманні ў мінскай культурнай прасторы «Parason»; адміністрацыйны пераслед за ўдзел у традыцыйным беларускім абрадзе Гуканне вясны; з’яўленне новых імёнаў у стоп-лістах выканаўцаў, а таксама хваля адмен буйных штогадовых музычных фестываляў.

Адзяржаўленне прыватнага бізнесу ў сферы культуры і забаў: таварныя знакі «Kvitki.by», найбуйнейшага ў краіне сэрвісу продажу квіткоў, прымусова ліквідаванага ў верасні 2025 года, перададзены дзяржаўнаму прадпрыемству «Беларускія латарэі», якое ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Пагрозы і запалохванне з боку сілавых структур за адзначэнне беларусамі ў эміграцыі нацыянальнага свята Дня Волі, а таксама іншыя формы трансгранічнага пераследу.

Зафіксавана 335 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.

Станам на 31.03.2026 у краіне налічваецца 911 палітычных зняволеных, сярод якіх не менш за 63 дзеячы культуры (каля 7 % ад агульнай колькасці палітзняволеных).

Агулам паводле палітычных матываў у зняволенні (калоніях, турмах, следчых ізалятарах), установах адкрытага тыпу («хімія») або на пакаранні ва ўмовах «хатняй хіміі» знаходзяцца не менш за 128 прадстаўнікоў сферы культуры. Сярод іх – 47 жанчын. За кратамі або з абмежаваннем волі знаходзяцца 25 літаратараў і іншых людзей слова.

Самым частым відам рэпрэсій у справаздачны перыяд стала прызнанне матэрыялаў на культурную тэматыку і сацыяльных сетак дзеячаў культуры «экстрэмісцкімі матэрыяламі» (94 выпадкі). На другім месцы – цэнзура (51 выпадак, з улікам спіса друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюду ў Беларусі). Трэцяе месца займаюць парушэнні права на справядлівы суд і доступ да правасуддзя (33). Далей паводле частаты ідуць адвольныя затрыманні дзеячаў культуры і прызнанне іх «удзельнікамі экстрэмісцкіх фарміраванняў» (па 24 выпадкі).

Адвольнае затрыманне або арышт зазналі не менш за 23 дзеячы культуры (адна мастачка – двойчы). Вядома пра адміністрацыйны пераслед у дачыненні да 10 чалавек (складзена 18 пратаколаў). Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты не менш за 10 прадстаўнікоў сферы; у сямі з іх у абвінавачанні фігураваў артыкул 361-4 Крымінальнага кодэкса за нібыта «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці».

Пяць прадстаўнікоў сферы былі прымусова выправаджаны або дэпартаваны з краіны.

У «Пералік грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», унесены 11 дзеячаў культуры. Не менш як 24 чалавекі ўнесены ў спіс асоб, якія нібыта з’яўляюцца ўдзельнікамі «экстрэмісцкіх фарміраванняў».

Рашэннем Мінгарвыканкама ліквідаваны 3 культурна-асветніцкія ўстановы.

Міністэрства інфармацыі ўнесла ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» 4 кнігі, у тым ліку дзіцячую. Спіс друкаваных выданняў, распаўсюд якіх «здольны нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы», папоўнены 16 найменнямі.

Чытаць маніторынг цалкам.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!