Александра Пулинович. Источник фото: spring96.org
Былы палітзняволены Сяргей Спарыш, вызвалены 11 верасня 2025 года пры садзейнічанні ЗША, звярнуўся да спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла з просьбай дапамагчы вызваліць з калоніі 19-гадовую палітзняволеную Аляксандру Пуліновіч.
Коўл апублікаваў відэазварот Спарыша на сваёй старонцы ў Х і пракаментаваў яго.
«Падчас наступнага візіту ў Беларусь я ўзніму пытанне пра вашу сяброўку», — напісаў ён.
Аляксандра Пуліновіч была затрыманая ў студзені 2024 года ва ўзросце 16 гадоў па справе «Чорных салаўёў». Гаворка ідзе пра групу падлеткаў, якіх улады абвінавацілі ў супрацоўніцтве з украінскімі спецслужбамі і падрыхтоўцы дыверсій. У 2025 годзе Аляксандру прысудзілі да 10 гадоў і 3 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулаў аб апаганьванні будынкаў, незаконных дзеяннях з выбуховымі рэчывамі і замаху на акт тэрарызму.
Цяпер ёй 19 гадоў, яна адбывае тэрмін у гомельскай ПК №4. У лютым 2026 года КДБ унёс яе ў «спіс тэрарыстаў», што азначае забарону на грашовыя пераводы на яе адрас.