Ціханоўская пра спробу суіцыду Сцяпана Латыпава: Гэтай жорсткасці трэба пакласці канец

Святлана Ціханоўская пракаментавала інфармацыю пра трэцюю спробу суіцыду палітвязня Сцяпана Латыпава і запатрабавала вызваліць усіх палітычных вязняў.

“Паводле даных праваабаронцаў, у 2025 годзе палітычны зняволены Сцяпан Латыпаў у трэці раз здзейсніў спробу самагубства. Знаходзячыся ў ізалятары і карцары пад пастаянным ціскам, ён перарэзаў сабе вены. Гэтай жорсткасці трэба пакласці канец — усіх палітычных зняволеных неабходна вызваліць”, – заявіла лідарка дэмсіл у X.

Паводле даных праваабарончага цэнтра “Вясна”, у ліпені 2025 года яго перавялі з магілёўскай турмы № 4 у папраўчую калонію № 22 «Воўчыя норы», дзе адразу змясцілі ў штрафны ізалятар, а затым у памяшканне камернага тыпу. Там Латыпаў парэзаў сабе вены, пасля чаго яму наклалі швы. Вядома, што падчас зняволення палітвязень прасіў аб адзіночным утрыманні.

Першую спробу суіцыду Латыпаў здзейсніў летам 2021 года проста ў зале суда, утыкнуўшы ручку сабе ў шыю. Пасля аперацыі яго змясцілі ў следчы ізалятар № 1.

У калоніі Латыпаў падвяргаўся ціску з боку адміністрацыі — яго змяшчалі ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу. У знак пратэсту ён глытаў лязо і зноў рэзаў сабе вены. Пасля гэтага восенню 2022 года рэжым утрымання яму змянілі і на два гады перавялі ў магілёўскую турму № 4.

Сцяпан Латыпаў — арбарыст, жыхар Плошчы Перамен. Яго затрымалі ў верасні 2020 года, асудзілі на 8,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічынь. Яго абвінавацілі ў стварэнні дваровага тэлеграм-чата, майстэрні па вырабе пратэснай сімволікі, супраціве супрацоўнікам міліцыі. Акрамя таго, як дырэктара кампаніі «Беларбо» яго прызналі вінаватым у махлярстве. Ні па адным з эпізодаў палітвязень віны не прызнаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!