Петэр Мадзьяр абраны прэм’ер-міністрам Венгрыі

Новы склад парламента Венгрыі абраў лідара партыі «Ціса» Петэра Мадзьяра прэм’ер-міністрам краіны. Пасля галасавання ён выступіў з прамовамі ў будынку парламента і на плошчы Кошута ў Будапешце, піша «444».

Партыя «Ціса» арганізавала на плошчы масавыя святочныя мерапрыемствы, дзе жыхары маглі сачыць за падзеямі дня. Паралельна мэр Будапешта Гергей Карачонь правёў на набярэжнай каля Ланцуговага моста мерапрыемства пад назвай «Дзякуй!», прысвечанае завяршэнню папярэдняга палітычнага перыяду.

Экс-прэм’ер-міністр Віктар Орбан пасля абрання новага кіраўніка ўрада пакінуў рэзідэнцыю ў былым манастыры кармелітаў і перамясціў свой штаб у цэнтральны офіс партыі «Фідэс» на вуліцы Лендваі.

У сваёй прамове Мадзьяр заявіў, што венгры атрымалі «гістарычны шанец», і заклікаў грамадзян зрабіць высновы з памылак мінулага, уважлівей сачыць за палітыкамі і кантраляваць іх працу. Паводле яго слоў, краіне неабходна пачаць працэс «уз’яднання нацыі».

Мадзьяр таксама заявіў пра завяршэнне эпохі «кампаній нянавісці» і прынёс прабачэнні прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці, навукоўцам, журналістам і грамадскім дзеячам, якіх, паводле яго слоў, у апошнія гады абвяшчалі ворагамі за іншую пазіцыю або абарону ўразлівых груп.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!