«Ад блэк-металу да фолку і думу»: альбом «VYRAJ» беларускага гурта Dymna Lotva увайшоў у топ-2026 па версіі Metal Hammer

Альбом «VYRAJ» гурта Dymna Lotva патрапіў у спіс найлепшых рэлізаў 2026 года па версіі знакавага часопіса Metal Hammer. Выданне апублікавала свой прамежкавы паўгадавы рэйтынг, дзе беларускія музыкі апынуліся ў адной кампаніі з сусветнымі зоркамі цяжкай музыкі: Dimmu Borgir, At The Gates, Evanescence ды іншымі творцамі.

Metal Hammer — гэта адно з самых уплывовых і аўтарытэтных выданняў пра рок і метал у свеце. Заснаваны ў 1983 годзе ў Вялікабрытаніі, сёння часопіс выходзіць на некалькіх мовах (у тым ліку ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Грэцыі і іншых краінах) і з’яўляецца адным з галоўных трэндсетараў у цяжкай музыцы. Трапленне ў агляды і рэйтынгі Metal Hammer для любога выканаўцы — гэта прызнанне сярод прафесійнай супольнасці.

Рэліз на сусветным лэйбле

Альбом «VYRAJ» беларускага гурта пабачыў свет 7 жніўня 2026 года на вядомым нямецкім лейбле Prophecy Productions. Гэта чацвёрты поўнафарматны дыск каманды, у якім музыкі спалучаюць постблэк-метал, беларускі фальклор, элементы думу і этнаастраноміі.

Што пра гурт піша Metal Hammer?

Аўтар агляду Рыч Хобсан (Rich Hobson) асабліва падкрэслівае складаны шлях і эмацыйны накал творчасці гурта:

«На долю Dymna Lotva выпала нямала выпрабаванняў. Абвешчаныя „экстрэмістамі“ ў роднай Беларусі, гэты постблэк-метал калектыў быў вымушаны з’ехаць у Польшчу, каб працягваць сваю справу без страху арышту. У самым сэрцы альбома «VYRAJ» выразна адчуваецца лютасць і вызваленне.

Музыкі па-ранейшаму выкарыстоўваюць беларускі фальклор і гістарычныя сведчанні як сродак творчага самавыражэння, а вакалістка Nokt Aeon дае волю гневу, адчаю і непакоры ў выбуховых віхрах. Ад блэку да фолку і думу (уключаючы госцевы ўдзел экс-вакаліста My Dying Bride Аарана Стэйнторпа), гэты рэліз карыстаецца ўражальна разнастайнай палітрай, каб вытачыць нешта сапраўды яркае і ўнікальнае».

Суседзі па спісе

Выданне Metal Hammer адзначае, што 2026 год вызначаецца насычанымі падзеямі і буйнымі рэлізамі ў метале. У адным спісе з Dymna Lotva апынуліся такія сусветныя гранды і культавыя выканаўцы, як Dimmu Borgir, At The Gates, Converge, Evanescence, Elder, A Forest Of Stars, камбэкі ад Neurosis і Warning.

Сам гурт у сваіх сацсетках ужо лаканічна пракаментаваў гэтую навіну: «Які гонар! Вялікі дзякуй Metal Hammer за ўключэнне нашага VYRAJ у спіс найлепшых альбомаў 2026 года».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!