Расіяне прымусова вывезлі і пакінулі ў Беларусі грамадзяніна Украіны. Ён памёр і пахаваны ў Беларусі

Расійскія вайскоўцы вывезлі грамадзяніна Украіны з пасёлка Барадзянка ў 2022 годзе ў Беларусь. Ён памёр у верасні 2025 года ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў вёсцы Холмеч Рэчыцкага раёна ва ўзросце 86 гадоў, паведамляе «Радыё Свабода».

Падчас расійскай акупацыі Барадзянкі ў Бучанскім раёне мужчыну і іншых мясцовых жыхароў трымалі ў мясцовай царкве, якая на той момант падпарадкоўвалася Маскоўскаму патрыярхату. У сакавіку або ў красавіку 2022 года яго прымусова вывезлі з Украіны ў Беларусь.

У маі 2022 года мужчыну даставілі ў Холмеч і змясцілі ў мясцовы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Там ён жыў у аддзяленні для кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Мужчына памёр 9 верасня 2025 года ва ўзросце 86 гадоў. Яго пахавалі на мясцовых могілках.

Суд ва Украіне прызнаў мужчыну памерлым.

Гэта трэці вядомы выпадак смерці ўкраінцаў, прымусова вывезеных расіянамі ў Беларусь.

У 2023 годзе ва Украіну перадалі цела 15-гадовай Арыны Юцюк. У сакавіку 2022 года сям’я дзяўчынкі эвакуявалася з Кіева і трапіла пад расійскі абстрэл. Бацькі Арыны загінулі, а яе з цяжкім раненнем адвезлі ў Беларусь. Родзічы больш за год шукалі дзяўчынку. Аказалася, што яе цела ўвесь гэты час знаходзілася ў мазырскім моргу.

У студзені 2024 года стала вядома пра смерць 96-гадовай жыхаркі Барадзянкі. У сакавіку 2022 года яе вывезлі ў Ветку, дзе яна памерла ў чэрвені таго ж года ад сардэчнай недастатковасці.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!