Беспілотнік упаў на тэрыторыі Румыніі

Сёння ўначы падчас расійскага налёту на Украіну ў паветраную прастору Румыніі заляцеў і ўпаў беспілотнік. Пра гэта паведамілі ў румынскім Мінабароны.

Паводле яго інфармацыі, сёння ўначы радары выявілі групу цэляў у раёне мяжы з Украінай на поўнач ад Тулчы. Для назірання за імі былі паднятыя ў паветра два знішчальнікі F-18 ВПС Іспаніі, а таксама румынскі верталёт IAR-330 SOCAT.

У 3:21 быў зафіксаваны ўваход у паветраную прастору Румыніі беспілотніка за 13 км на ўсход ад Галаца.

У 3:24 экіпаж румынскага верталёта ўбачыў падзенне беспілотніка за 4 км ад населенага пункта Грынду ў незаселенай мясцовасці. Пасля ўдару беспілотніка аб зямлю ўзнік пажар, які згас сам сабой. Грынду знаходзіцца на беразе Дуная, недалёка ад упадзення ў яго ракі Прут, дзе знаходзіцца стык межаў Украіны, Малдовы і Румыніі.

Да месца падзення была накіраваная пошукавая група.

У перыяд з 3:20 да 3:52 абвяшчалася апавяшчэнне для насельніцтва.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!