Расія плануе ўзброеную «правакацыю» ў Польшчы — СМІ

Расія плануе ўзброеную «правакацыю» на польскай тэрыторыі. Пра гэта пішуць выданні кампаніі Axel Springer: польскі Onet і брытанскі The Telegraph.

У публікацыях са спасылкай на крыніцы польскай разведкі і атачэння прэзідэнта краіны Караля Наўроцкага гаворыцца, што пра падобную перспектыву неаднаразова папярэджвалі ЗША.

Сцэнары правакацыі могуць уключаць атаку беспілотнікаў на аб’екты крытычнай інфраструктуры, такія як электрастанцыі, або імітацыю авіяўдараў, якія прымусяць Польшчу актываваць сістэмы супрацьпаветранай абароны. Самы экстрэмальны варыянт — «гібрыдная атака ў памежным рэгіёне», у тым ліку з удзелам расійскіх або беларускіх вайскоўцаў.

РФ можа прадставіць гэта як выпадковы заход на польскую тэрыторыю праз збой GPS або як выратавальную аперацыю па эвакуацыі верталёта, у якога ўзнікла няспраўнасць. Заход можа адбыцца з боку Беларусі або Калінінградскай вобласці.

Паводле звестак польскіх крыніц, расійскі бок разлічвае на тое, што замест адкрыцця агню па расійскіх або беларускіх вайскоўцах у падобнай сітуацыі Польшча будзе вымушаная пад ціскам ЗША весці перамовы з Расіяй або Беларуссю. Масква будзе разглядаць вывад сваіх войскаў у выніку такіх перамоў, а не прымянення ваенных сродкаў, як перамогу. Пры гэтым падчас перамоў расійскі бок можа выставіць патрабаванне аб спыненні падтрымкі Украіны.

Крыніца ў сферы бяспекі ў краінах Балтыі пацвердзіла выданню The Telegraph, што падобныя планы абмяркоўваюцца ў Маскве. Пасля гэтага Расія можа паспрабаваць заявіць, што правакацыя была здзейсненая Украінай.

З дапамогай падобных дзеянняў Расія можа падарваць суверэнітэт Польшчы, прадставіць НАТА «папяровым тыграм».

Прадстаўнік кіраўніцтва польскага Міністэрства абароны пацвердзіў магчымасць расійскай правакацыі, але адзначыў, што Польшча ўжо правяла вучэнні, накіраваныя на папярэджанне Масквы пра разбуральны адказ НАТА.

З пункту гледжання Масквы, правакацыя ў дачыненні да Польшчы была б лепшым варыянтам, чым правакацыя супраць адной з балтыйскіх дзяржаў, заявілі выданням еўрапейскія крыніцы ў сферы бяспекі.

Крыніцы таксама падкрэслілі, што любая расійская правакацыя не будзе падобная на «класічную» або звычайную вайну і што Масква яшчэ не вырашылася на яе правядзенне.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!