Kesko Senukai запэўнівае ў поўным выхадзе з Беларусі пасля продажу долі ў OMA

Літоўская рознічная група Kesko Senukai заявіла, што прадала сваю ўскосную 50-працэнтную долю ў беларускім рытэйлеры OMA і больш не вядзе дзейнасць у Беларусі, піша LRT са спасылкай на BNS. Кампанія адзначыла, што прыняла рашэнне спыніць усю дзейнасць у краіне пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе.

«Калі ў 2022 годзе пачалася агрэсія Расіі супраць Украіны, мы разарвалі ўсе дзелавыя сувязі, ланцужкі паставак і супрацоўніцтва ў Беларусі. Гэта было ўзважанае рашэнне, заснаванае на нашых каштоўнасцях», — заявіла дырэктарка па камунікацыях групы Любоў Зайцава.

Яна паведаміла, што продаж долі ў OMA быў завершаны летась пасля падпісання пагаднення аб куплі акцый, але адмовілася раскрыць пакупніка або кошт здзелкі, заявіўшы, што кампанія прадаставіць гэтую інфармацыю пазней.

Заява прагучала пасля таго, як у гадавой справаздачы групы за 2025 год было пазначана, што выручка ў Беларусі вырасла на 2,1% да 140,2 млн еўра. Зайцава патлумачыла гэта тым, што паказчыкі адлюстроўваюць дзейнасць самой OMA, а не Kesko Senukai, паколькі паводле правілаў бухгалтарскага ўліку OMA фармальна заставалася ўключанай у кансалідаваную справаздачнасць групы.

«У адпаведнасці з абавязковымі стандартамі бухгалтарскага ўліку OMA па-ранейшаму ўключалася ў нашу кансалідаваную фінансавую справаздачнасць. Таму, адказваючы на пытанне, хто атрымліваў выручку ў Беларусі, — мы не атрымлівалі ніякай выручкі; выручку атрымлівала OMA», — сказала яна.

Пры гэтым у справаздачы няма даных ні пра продаж OMA, ні пра паступленне грошай ад такой здзелкі. Па стане на канец 2025 года літоўскае падраздзяленне Kesko Senukai праз даччыную структуру па-ранейшаму валодала кантрольным пакетам кампаніі, якой цалкам належыць OMA. Пра намер выйсці з бізнесу ў Беларусі кампанія ўпершыню заявіла яшчэ ў маі 2022 года.

У кансалідаванай справаздачы аб руху грашовых сродкаў групы таксама адсутнічаюць даныя пра паступленні ад продажу даччыных кампаній, што сведчыць пра адсутнасць грашовых сродкаў, атрыманых ад такіх здзелак у справаздачным перыядзе, адзначаюць аўтары.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!