Reform.news

Расія атакавала Украіну 173 беспілотнікамі

Рэдакцыя Reform.news · 26 верасня 2026, 10:57

https://reform.news/be/rasija-atakavala-ukrainu-173-bespilotnikami/

У ноч на 26 верасня расійскія войскі атакавалі Украіну 173 ударнымі беспілотнікамі. Паводле папярэдніх даных Паветраных сіл УСУ, украінская СПА збіла або падавіла 134 дроны.

Атака пачалася каля 18:00 25 верасня. Сярод ужытых беспілотнікаў называюцца Shahed, у тым ліку больш за 50 рэактыўных, «Гербера» і дроны-імітатары «Пародия». Іх запускалі з расійскіх напрамкаў Арла, Курска, Мілерава, Прыморска-Ахтарска, Шаталава, а таксама з акупаваных раёнаў Данецкай вобласці і Крыма.

Украінскія вайскоўцы паведамілі пра траплянні сродкаў паветранага нападу ў 19 лакацыях і падзенне абломкаў збітых беспілотнікаў яшчэ ў 8 месцах.

Паводле даных мэра Кіева Віталя Клічко, ва ўкраінскай сталіцы ў выніку атакі пацярпелі 5 чалавек. Медыцынскую дапамогу ім аказалі на месцы.

У Дарніцкім раёне адбыўся пажар каля складскіх будынкаў, у Абалонскім раёне абломкі беспілотніка ўпалі побач з жылым домам і пашкодзілі вокны. У Саламянскім раёне загарэўся дах офіснага будынка. Акрамя таго, там працягваецца пошукава-выратавальная аперацыя ў пяціпавярховым жылым доме, дзе былі выяўленыя пацярпелыя.

У Святошынскім раёне пасля падзення беспілотніка адбылося ўзгаранне і разбурэнне адной з крам на тэрыторыі гандлёвага цэнтра. Пажар ліквідаваны.

У Харкаве ноччу беспілотнікі атакавалі Кіеўскі і Салтаўскі раёны, а таксама прыгарад. Паводле даных ДСНС Украіны, узніклі тры ачагі пажару. Гарэлі канструкцыі раней разбуранага будынка, аўтамабіль і прыватны двухпавярховы дом. Пашкоджаныя жылыя дамы, навучальная ўстанова і аўтамабіль. Нягледзячы на пагрозу паўторных удараў, ратавальнікі ліквідавалі пажары.

Раніцай расійскія беспілотнікі атакавалі Запарожжа. Загінулі дзве жанчыны, пацярпелі 38-гадовы мужчына і трохгадовы хлопчык. Колькасць пацярпелых удакладняецца. У горадзе разбураны прыватны дом, пашкоджаныя жылыя будынкі, гандлёвыя памяшканні, аўтамабілі і фасад навучальнай установы. Таксама ўзніклі пажары.

Фота: t.me/dsns_telegram
Фота: t.me/dsns_telegram
Фота: t.me/dsns_telegram
Рэклама

Пакінуць адказ