Россия выводит пусковые ракетные установки "Ярс" на учение РВСН. Изображение: Минобороны РФ
Міністэрства абароны Расіі 19-21 мая правядзе вучэнне па падрыхтоўцы і ўжыванні ядзерных сіл ва ўмовах пагрозы агрэсіі. У заяве расійскага ведамства згадваецца і адпрацоўка дзеянняў са зброяй, размешчанай у Беларусі.
“Падчас вучэння будуць адпрацаваны пытанні сумеснай падрыхтоўкі і ўжывання ядзернай зброі, размешчанай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, учора беларускае Мінабароны заявіла пра пачатак трэніроўкі баявога ўжывання ядзернай зброі. Паведамлялася, што ва ўзаемадзеянні з расійскім бокам плануецца адпрацаваць пытанні дастаўкі ядзерных боепрыпасаў і падрыхтоўкі іх да ўжывання.
Расійскае Мінабароны паведаміла, што ў вучэнні, якое пачынаецца сёння, будзе задзейнічана больш за 7800 адзінак узбраенняў, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку больш за 200 ракетных пускавых установак, больш за 140 лятальных апаратаў, 73 надводныя караблі і 13 падводных лодак, у тым ліку восем — ракетных. Да яго будуць прыцягнуты Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння, Паўночны і Ціхаакіянскі флоты, камандаванне далёкай авіяцыі, частка сіл Ленінградскай і Цэнтральнай ваенных акруг — усяго больш за 64 тыс. чалавек.
“Падчас практычных дзеянняў войскаў плануюцца мерапрыемствы па прывядзенні ў гатоўнасць да выканання задач шэрагу злучэнняў і воінскіх часцей ядзерных сіл і іх усебаковага забеспячэння, а таксама правядзенні пускаў балістычных і крылатых ракет па палігонах на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі”, — паведамілі ў расійскім міністэрстве.
Мэтамі вучэння названа ўдасканаленне навыкаў работы кіраўнічага і аператыўнага складу, арганізацыі кіравання падпарадкаванымі войскамі пры падрыхтоўцы і падчас рэалізацыі мерапрыемстваў стрымлівання верагоднага праціўніка.