Трэніроўка баявога прымянення ядзернай зброі пачалася ў Беларусі

У Беларусі пачалася трэніроўка вайсковых частак баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння, паведамляе прэс-служба Мінабароны Беларусі.

“Сёння, у інтарэсах павышэння гатоўнасці Узброеных Сіл да прымянення сучасных сродкаў паражэння, у тым ліку спецыяльных боепрыпасаў, пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл – першага намесніка Міністра абароны Рэспублікі Беларусь пачалася трэніроўка вайсковых частак баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння”, — гаворыцца ў паведамленні.

У Мінабароны ўдакладнілі, што мэтай трэніроўкі з’яўляецца “ўдасканаленне ўзроўню падрыхтоўкі асабовага складу, праверка гатоўнасці ВВСТ да выканання задач і арганізацыя баявога прымянення з пазапланавых раёнаў”.

Для правядзення мерапрыемства прыцягваюцца вайсковыя часткі ракетных войскаў і авіяцыі. У ходзе трэніроўкі ва ўзаемадзеянні з расійскім бокам плануецца адпрацаваць пытанні дастаўкі ядзерных боепрыпасаў і падрыхтоўкі іх да прымянення.

“Галоўнай асаблівасцю гэтага мерапрыемства стане праверка гатоўнасці да выканання задач баявога прымянення з непадрыхтаваных раёнаў на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Асноўны ўпор будзе зроблены на адпрацоўку пытанняў скрытнасці, перамяшчэння на значныя адлегласці, правядзення разлікаў для прымянення сіл і сродкаў”, — адзначылі ў Мінабароны.

Паводле версіі беларускага боку, “трэніроўка з’яўляецца планавым мерапрыемствам падрыхтоўкі ў рамках Саюзнай дзяржавы, не накіраваная супраць трэціх краін і не нясе пагрозы бяспецы ў рэгіёне”.

Трэба адзначыць, што летась падчас сумесных беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2025» адпрацоўваліся пытанні, звязаныя з ядзернай зброяй і «Арэшнікам». Пазней начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка абверг гэтую інфармацыю, а праз тры тыдні ўсё ж прызнаў факт адпрацоўкі прымянення ТЯЗ.

У студзені гэтага года ў МЗС Расіі не выключалі правядзення ў будучыні сумесных з Беларуссю вучэнняў па адпрацоўцы прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!