Фото: Reform.by
Экспарт ПВТ у 2025 годзе вырас на 112% і склаў больш за 2 млрд долараў. Пра гэта начальніца сакратарыята Наглядальнага савета Анна Рабава заявіла перад пасяджэннем 27 лютага.
«Парк высокіх тэхналогій — гэта ў прынцыпе экспартна арыентаваная прававая зона. Вынікі ў нас добрыя: тэмп росту экспарту склаў 112%, мы перасягнулі адзнаку ў 2 млрд долараў. Павялічылася колькасць рэзідэнтаў, пашыраецца геаграфія», — расказала Рабава.
У 2024 годзе экспарт ПВТ склаў 1,8 млрд долараў. Зараз у ПВТ больш за 1000 рэзідэнтаў. З пачатку года было пададзена больш за 60 заявак.
Яшчэ адно пытанне, якое абмяркоўвалася на пасяджэнні Наглядальнага савета, — рэгуляванне крыптасферы.
«Усе мы ведаем, што гэта новая тэма, якая выклікае як надзеі, так і асцярогі. Таму мы традыцыйна адчытваемся перад Наглядальным саветам пра стан гэтага сектара і прапануем збалансаваныя рашэнні, якія ўдакладняюць і робяць больш выразным прававое рэгуляванне працы ў гэтай сферы», — заявіла Рабава.
Старшыня Наглядальнага савета Аляксандр Турчын адзначыў праблемы, звязаныя з крыптавалютнай сферай у ПВТ.
«Разам з тым нам трэба разгледзець шэраг праблемных пытанняў. Перш за ўсё — сітуацыю вакол некалькіх нашых крыптарэзідэнтаў», — заявіў Турчын.
На пасяджэнні таксама абмяркоўваліся пытанні стартапаў і грантавай падтрымкі талентаў.
«Мы сур’ёзна заняліся стартап-рухам, з’явіліся першыя вынікі. Хочам з маладых гадоў выхоўваць кампаніі з разуменнем працы на сусветных экспартных рынках, развіваць у іх амбіцыі і навыкі», — заявіла Рабава.