583 чалавекі атрымалі 100 балаў на ЦТ у Беларусі. Лідзіруе матэматыка

Міністэрства адукацыі Беларусі падвяло першыя вынікі цэнтралізаванага тэсціравання 2026 года. 2 і 5 чэрвеня больш за 66 тысяч чалавек здавалі тэсты па васьмі навучальных прадметах.

Максімальныя 100 балаў набралі 583 удзельнікі. Больш за ўсё стобальнікаў — па матэматыцы (216) і замежнай мове (197, з іх 169 здавалі англійскую). Па хіміі найвышэйшы бал атрымалі 59 чалавек. Па фізіцы сёлета 43 стобальнікі супраць 11 у 2025 годзе.

Самыя высокія сярэднія балы — па геаграфіі (66,4), грамадазнаўстве (61,2) і біялогіі (57,7). Сярод прадметаў, якія сёлета даліся найбольш складана, — матэматыка (46,1), гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі (46,2) і хімія (48,8).

За парушэнне правілаў за два дні тэсціравання выдалены 22 удзельнікі, пераважна за выкарыстанне смартфонаў і шпаргалак. Яшчэ 8 чалавек не завяршылі тэст па медыцынскіх прычынах.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!