У АПК папярэджваюць, што вучоба ў Расіі можа абярнуцца вярбоўкай на вайну супраць Украіны

Напярэдадні ўступнай кампаніі прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па моладзевай палітыцы Маргарыта Ворыхава пракаментавала сітуацыю, з якой сутыкаюцца беларускія абітурыенты пры выбары адукацыйнага шляху.

Паводле яе слоў, беларускія ўлады паслядоўна ствараюць перашкоды для тых, хто хоча атрымаць еўрапейскую адукацыю. У сувязі з гэтым яна рэкамендавала не распаўсюджвацца пра планы паступаць за мяжу.

«Калі школьная адміністрацыя ведае пра планы школьніка паступаць за мяжу, з ім і яго бацькамі могуць праводзіць прафілактычныя гутаркі, спрабуючы адгаварыць або запалохаць», — адзначыла яна.

«Тое, што адбываецца цяпер, паказвае: дзяржава не настроена падтрымліваць студэнтаў, якія хочуць атрымаць еўрапейскую адукацыю. Наадварот, ціск і запалохванне толькі ўзмацняюцца», — падкрэсліла Ворыхава.

Яна таксама папярэдзіла пра асаблівыя рызыкі для тых, хто выбірае вучобу ў Расіі. Паводле яе слоў, вядомыя выпадкі, калі пасля паступлення студэнтаў спрабавалі вербаваць у расійскую армію для ўдзелу ў вайне супраць Украіны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!