Прыхільнік здаровага ладу жыцця атруціўся цыкутай у Мядзельскім раёне

У Мядзельскім раёне мужчына 1987 года нараджэння памёр, дапусціўшы памылку пры зборы раслін. Пра няшчасны выпадак расказалі ў ДКСЭ. Ён адбыўся напрыканцы мая.

«Паводле слоў сужыцелькі загінулага, яны прыехалі ў Мядзельскі раён да яе сваякоў. Мужчына вёў здаровы лад жыцця і захапляўся зборам лекавых траў. У дзень трагедыі пара гуляла ўздоўж ракі. Увагу мужчыны прыцягнула незнаёмая расліна, якая расла каля вады.

Ён падышоў бліжэй, выцягнуў расліну і, панюхаўшы корань, адзначыў яго саладкаваты пах. Вярнуўшыся дадому, мужчына вырашыў зрабіць салату, дадаўшы ў яе знойдзены корань. Сужыцелька і яе сваякі адмовіліся ад пачастунку. Сам жа мужчына, не вагаючыся, пакаштаваў страву», — гаворыцца ў паведамленні камітэта.

Праз гадзіну мужчыну стала дрэнна, пачаліся курчы, млоснасць. Мужчыну выклікалі хуткую дапамогу, медыкі канстатавалі яго смерць.

Эксперты ўстанавілі, што прычынай смерці стала атручванне цыкутай.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!